Прамова на Дзень Перамогі: што хаваецца пад абгорткаю віншаванняў?


З года на год у прамовах з невялікімі зменамі вандруюць фармулёўкі пра грукат гарматаў і печы канцлагераў. Але пасля “рытуальнай” часткі, у выступе заўсёды з’яўляюцца новыя аспекты, якія, па вялікім рахунку, не маюць дачынення ні да ветэранаў, ні да свята.

Ворагі на Захадзе

Падчас падобных выступаў Лукашэнка кожны раз узгадвае пра вонкавыя і ўнутраныя пагрозы Беларусі. Летась гэта былі “спробы навязвання “новага дэмакратычнага парадку”, “пагрозы і шантаж” з боку краінаў Захаду, а таксама “выкарыстанне тэхналогіяў інфармацыйных войнаў і сеткавых рэвалюцыяў, эканамічных санкцыяў, палітычная актыўнасць мясцовых “пятых калонаў”.

Сёлета сярод пагрозаў засталіся толькі санкцыі ды “паліванне брудам паклёпу”. Аднак пры гэтым у апошняй прамове Лукашэнка не стаў асобна згадваць пра магчымасць дыялогу з заходнімі краінамі. Больш за тое, паводле кіраўніка дзяржавы, “Беларусь стала застаецца пад прыцэлам зброі неабвешчанай халоднай вайны”.

Сябры на Усходзе

Як супрацьвага “ворагам на Захадзе”, у прамовах рэгулярна фігуруе Расея. У Дзень Перамогі у 2012 годзе Лукашэнка заявіў, што Беларусь “актыўна ўзаемадзеіць з партнёрамі па калектыўнай бяспецы і разам з брацкаю Расеяй стаіць на варце рубяжоў нашай Бацькаўшчыны”.

Гэтак і сёлета, “магістральны кірунак нашай супрацы ў вайсковай сферы – узаемадзеянне з братэрскаю Расеяй”. Паводле Лукашэнкі, Беларусь мае ўмацоўваць сістэму супрацьпаветранай абароны: “Новыя комплексы і самалёты – гэта выключна абаронная зброя, і мы будзем мець іх столькі, колькі неабходна для бяспекі нашай дзяржавы”.

Лукашэнка як галоўны абаронца Перамогі

Сёлета Лукашэнка прымераў на сябе ролю “абаронцы Перамогі”. Паводле яго, “ёсць тыя, хто ўвесь час спрабуе перагледзець гісторыю Вялікай айчыннай, прынізіць значэнне барацьбы савецкіх людзей, ачарніць партызанскі рух, рэабілітаваць фашысцкіх катаў і асабліва іхных прыслужнікаў”. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта святая місія – “захаваць праўду пра тую вайну”.

Відаць, што гэтая “святая місія” з’явілася нядаўна, бо ні год, ні два гады таму Лукашэнка нават не згадваў пра “спробы перагледзіць гісторыю”. Таксама сёлета ён распавёў, “як з’явіўся на свет вірус карычневай чумы”: вінаватыя ідэалогія нацызму і “баязлівая палітыка сусветных дзяржаваў”.

“Узгадаваўшы пачвару, яны ж самі сталіся першымі ахвярамі”, – падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў