Як святкуюць Дзень Перамогі ў Еўропе і ЗША?


Большасць краінаў Еўропы адзначаюць перамогу ў Другой сусветнай вайне 8 траўня. Апрача былых савецкіх рэспублік, 9 траўня лічыцца святам яшчэ ў пяці дзяржавах, але нідзе гэты дзень не абвешчаны выходным.

Краіны Заходняй Еўропы і ЗША адзначаюць Дзень Перамогі ў Еўропе (V-E Day, або Victory in Europe Day) 8 траўня, калі набыла моц капітуляцыя Нямеччыны. Данія і Нідэрланды чырвонаю датаю зрабілі 5 траўня. Пра Дзень Перамогі ў Еўропе памятаюць таксама і ў ЗША, але афіцыйна перамогу ў Другой сусветнай там адзначаюць 2 верасня.

9-га лічаць святам ва ўсіх былых рэспубліках СССР, апрача балтыйскіх, а таксама ў Босніі і Герцагавіне, Вялікай Брытаніі, Ізраілі, Польшчы ды Сербіі. У Лондане ў гэты дзень штогод ладзяць імпрэзу на крэйсеры-музеі “Бэлфаст”. Ён пачаў “несці службу” ў каралеўскім марскім флоце ў жніўні 1939-га і ўдзельнічаў у некалькіх важных аперацыях, у тым ліку падчас высаджвання саюзных войскаў у Нармандыі.

Для большасці ж еўрапейцаў 9 траўня звязанае з Днём Еўропы – штогадовым святам міру і адзінства ў краінах Еўразвязу. Яго адзначаюць у гонар падпісання ў 1950 годзе Дэкларацыі Шумана, якая аб’яднала сталеліцейную і вугальную прамысловасць Францыі ды Заходняй Нямеччыны. Гэта прывяло да стварэння Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, якое стала папярэднікам Еўразвязу.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў