Разважанні ветэранкі: Пра жыццё, палітвязняў і Колю Лукашэнку…


Што думае пра сучаснае беларускае жыццё ветэранка з Бярозы Зінаіда Курс? У часы Другой сусветнай вайны жанчына дадала сабе гадоў, каб працаваць для фронту, а потым кіравала грузавым аўтамабілем. Сёння 87-гадовая пенсіянерка наракае на несумленных чыноўнікаў, ведае пра палітвязняў і заклікае любіць людзей.

Каб працаваць на перамогу, накінула сабе 2 гады

На пачатку вайны нашая сям’я жыла ў Карэліі, і пасля нападу Германіі нас эвакуявалі ў цэнтр Расеі, пад Перм. Бацьку забралі на фронт, дзе ён загінуў дзесьці ў студзені 1942 года. А такіх падлеткаў, як я, у той час забіралі на працу. І я трапіла на будаўніцтва ваеннага заводу. Мне тады яшчэ не было і 16 гадоў. Калі мяне брыгадзір не прымаў няпоўнагадовую, мне давялося на камісію ісці, дзе дадала сабе 2 гады. У дакументы мяне і запісалі на 2 гады старэйшаю. Я і цяпер паводле дакументаў лічуся з 1924 года, хоць нарадзілася ў 1926. Пасля гэтага я працавала на будаўніцтве заводу для выпуску снарадаў.

З будоўлі – кіраваць грузавіком

Як пабудавалі адзін завод, прыехалі адмыслоўцы прымаць яго. І прыехаў маёр, які мяне і яшчэ некалькі дзяўчат адабраў у ваенкамат. Гэта ўжо быў 1944 год. Мы прайшлі курс маладога байца, потым нас накіравалі вучыцца на кіроўцаў. Мы трапілі ў дзявочы батальён, я кіравала амерыканскаю грузавою машынаю «Шэўрале». Мы ўсе тады атрымалі гэткія новыя машыны. Праўда, пасля вайны, мне ніколі болей і не давялося кіраваць машынаю. Адразу запрашалі кіроўцам працаваць, але я не пайшла. Хоць кіравала я добра аўтамабілем, любіла яго. Мела падзякі за гэта. Але болей ніколі не ездзіла і не мела сваёй машыны.

У час вайны хата нашая згарэла, засталіся без кутка, таму неяк пасля вайны вырашылі ў Беларусь перабрацца. Тут замуж выйшла. Працавала старэйшым сакратаром у народным судзе.

З франтавікоў перавялі ў тылавікі

Адразу я лічылася ўдзельніцаю вайны, а потым нешта перагледзелі, і мяне ў тылавікі перавялі. Ільготы маю, як ветэран вайны, толькі даплочваюць меней, чым франтавікам. Мая знаёмая з Бярозы ездзіла ў вобласць скардзіцца, што яе ў тылавікі перавялі, і ёй вярнулі ўжо статус франтавога ветэрана. А я не паехала, махнула, навошта мне гэта…

Парамантавалі плот толькі пасля скаргі прэзідэнту

Я ніколі не ездзіла, не прасіла… Колькі гадоў таму давялося папрасіць, каб плот дапамаглі паставіць, то пасля таго зараклася прасіць дапамогі… Пабачыла ў тэлевізары, што прэзідэнт казаў, каб дапамагалі ветэранам і састарэлым. А ў мяне быў паваліўся зусім плот. Я мела ўсе матэрыялы, каб паставіць новы, і напісала ў ЖКГ заяву, каб выдзелілі работнікаў паставіць плот. А яны мне даслалі дамову ў двух экзэмплярах падпісаць на пэўную суму…

Ох, як я раззлавалася, сабрала ўсе гэтыя дакументы і даслала прэзідэнту. А адтуль справу накіравалі ў райвыканкам… І тут сталі гэтыя камісіі ездзіць… Але, у выніку, паставілі плот… Але потым яшчэ прапаноўвалі пайсці заплаціць Br 100 тыс. у касу ЖКГ. А я і не пайшла…

Пасля гэтай гісторыі я сказала, што болей ні пісаць, ні хадзіць прасіць не буду… Як ёсць, так і пражыву, сваёй капейкаю.

Пра пенсію

Дадалі Br 25 тыс. цяпер да пенсіі, але не думаю, што болей дадуць. Мо Br 2,5 млн атрымала… Калі нічога значнага не купляць, то пражывеш.

Пра беднага прэзідэнта



У прэзідэнта ж нічога няма: Кольку ўзяў за руку – і паехаў… Ён жа крэдытаў набраў, з чаго ён будзе плаціць іх? Таму ў яго няма з чаго пенсіянерам плаціць, абы хоць чыноўнікам сваім пазаплочваў…

Калі жылося лепей

У савецкі час, думаю, жылося лепей… Больш паважалі людзі адно аднаго, хоць і прасцей жылі. А цяпер што? Я вось сяджу тут, як дзікун, хоць і жыву ў прыватным сектары, нібыта ў вёсцы… Вядома ж, у нас ніхто не скажа, што ў нас дрэнна жыць, – заваленыя ўсе крамы прадуктамі, адзежаю, абуткам, але гэтага не дакупіцца…

Пра чыноўнікаў, якія крадуць

Вёскі цяпер зусім пусцеюць, выміраюць… А ў гарадах хто гэтыя катэджы вялікія будуе? Будуюць чыноўнікі. Просты чалавек хату дзесятак гадоў будуе, а яны – за год катэджы… Таму ў нас дзяржава і бедная. У савецкі час такога б не было. А гэта – нейкая анархія ці што, я ўвогуле не разумею… Не разумею, як будавацца, крадучы. Ты ж сам у сябе крадзеш, у свайго народу, у сваіх дзяцей…

Пра палітвязняў і Мікалая Лукашэнку

Непрыгожа зрабіў, калі гэтых кандыдатаў на прэзідэнты, тых Саннікава, гэтага паэта і іншых – у турму… Саннікаў гэты такі пісьменны, за мяжою быў, у МЗС працаваў… Ці той паэт… То ты б паважаў сам сябе сярод іх! Ну што яны табе зрабілі? Не забралі ж нічога. Ну павыступалі там, можа, і не было там нічога… І іх – за краты, за краты, і ўсё… Тут усе і раззлаваліся на яго… Мне проста было шкада – ну, усе ж людзі як людзі… Яшчэ ж на тваё месца ніхто не заступіў, ды і не заступіць… Дык ужо будзь ты чалавекам!

Паглядзіш іншы раз – усе людзі смяюцца, гэтага дзіцёнка возіць з сабою з малых гадоў… На пахаванні быў з ім гэтага Чавэса. І гэта ж трэба было – каб ля труны дзіцёнка паставіць! І сам стаіць побач… Я гэта глядзела ў тэлевізары… Нашто ты гэтага дзіцёнка ля труны ставіш? Ён жа не разумее – гэтую смерць не бачыў па-сапраўднаму… Яму ж гэта – шок! Ты ж чалавек пісьменны, і робіш такое…

Любіце людзей!

Я перажыла ўсялякае жыццё, і мне шкада простых людзей. Калі дзетак-сірот бачу, то хочацца дапамагчы ўсім, што ёсць… Берагчы трэба адзін аднаго, любіць людзей…

Запісаў Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў