Чаму ў нямецкім Рэгенсбурзе цягам двух месяцаў гучыць... беларуская мова?


Мясцовы ўніверсітэт арганізаваў серыю імпрэзаў, прысвечаную нашай краіне, – для сваіх студэнтаў і мясцовых жыхароў. Хоць Нямеччына і не мяжуе з Беларуссю, усё роўна трэба, каб мы ведалі адно пра аднога болей, мяркуюць тут. Пра беларуска-нямецкія стасункі новага пакалення – рэпартаж нашых карэспандэнтаў.

Што такое Беларусь? Простае пытанне, але немцы не заўжды знаходзяць адказ.

{movie}Беларусь у Рэгенсбурзе|right|10603{/movie}

РЭГЕНСБУРГСКІЯ СТУДЭНТЫ:

Першая: “Калі гэта Weißrussland, то пра яе я мала чула”.

Другая: “Я таксама. Пра Расею ведаю, а пра Weißrussland – вельмі мала. І перадусім, што яна завецца Беларусь”.

Хлопец: “Ведаю сталіцу – Менск, і што Беларусь – гэта каля Польшчы, Расеі, Літвы і Латвіі”.

Хлопец: “Я ведаю слова “хлеб”. Таксама гэта імя беларускага футбаліста. І ведаю горад Барысаў”.

І прыкладна так ва ўсёй Нямеччыне. Каб запоўніць белую пляму на мапе ведаў, універсітэт у Рэгенсбурзе і падтрымаў ініцыятыву зладзіць штосьці кшталту фестывалю, прысвечанага Беларусі.

ЛІЗА УНГEР-ФІШЭР, УНІВЕРСІТЭТ «EUROPAEUM»:

“Мы хочам паказаць “Ўаў!”. Тут ёсць нешта, пра што мы нават не думалі, што існуе ў такой маленькай краіне з дыктатураю, пра якую ўвесь час кажуць! Мы жадаем паказаць, што там сапраўды ёсць людзі, якія змаглі за кулісамі дыктатуры нарадзіць штосьці творчае”.

Беларусь тэатральная, літаратурная, музычная і… штодзённая. Для немцаў усё гэта экзотыка. А паказаць нашую краіну можна па-рознаму: фотавыставаю, песнямі, канцэртамі ці забароненым фільмам “Жыве Беларусь!”. Таксама запланаваны круглы стол для беларускіх і нямецкіх палітыкаў і журналістаў. А напрыканцы чэрвеня ў Рэгенсбург прыедзе арыгінальная Біблія Францыска Скарыны.

ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІ, ПЕРАКЛАДЧЫК, ЛІТАРАТУРАЗНАЎЦА:

“Веды пра Беларусь і беларускую культуру настолькі слабыя па-за межамі Беларусі, па-за межамі нашых бліжэйшых суседзяў, што любая імпрэза вельмі важная. Прынамсі, каб людзі пачулі, што ёсць такая краіна, што яна культуру мае, мову”.

Уваход на імпрэзы вольны. Аднак прадстаўнікі беларускага консульства на адмысловае запрашэнне не адгукнуліся.

ВАЛЬТЭР КОШМАЛЬ, УНІВЕРСІТЭТ «EUROPAEUM»:

“Вельмі шкада, бо мы лічым, што трэба заставацца ў дыялогу. Тым больш, што тут мы прэзентуем Беларусь у вельмі добрым святле. Па-мойму, гэта таксама ў інтарэсах разумнай беларускай палітыкі”.

З фінансавым падтрыманнем культурнага дыялогу праблемаў не было, кажа адна з арганізатарак праекту. Галоўнае – было б жаданне.

КАТ’Я ФОН ПОШЫНГЕР, УНІВЕРСІТЭТ «EUROPAEUM»:

“Трэба такія імпрэзы рабіць паўсюль, дзе ёсць беларусы, дзе ёсць магчымасць такое зрабіць”.

А калі Беларусь стане больш зразумелая еўрапейцам, то, можа, яны лепш зразумеюць і нас.

Марцін Ярскі, Аляксандра Фарн, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў