Дашкевіча шантажуе КДБ?


Лідару “Маладога фронту” прапанавалі даць пісьмовыя паказанні ў абмен на вызваленне Насты Палажанкі.

“Я не магу адказаць, адкуль мы атрымалі гэтую інфармацыю, бо гэта значыла паставіць пад удар пэўных асобаў, але звесткі сапраўдныя”, – гаворыць прэс-сакратарка “МФ” Таццяна Шапуцька.

Паводле дзяўчыны, да Змітра Дашкевіча ў камеру прыйшлі працаўнікі КДБ і сталі распытваць пра дзейнасць “Маладога фронту”. Калі Дашкевіч адмовіўся ад размовы, яму заявілі, што калі ён дасць пісьмовыя паказанні супраць маладафронтаўцаў (прагучалі канкрэтныя прозвішчы, кажа Шапуцька), то на волю з СІЗА КДБ выйдзе ягоная намесніца Наста Палажанка.

Таццяна Шапуцька таксама распавяла, што Зміцер Дашкевіч перасцерагае: можа распачацца хваля крымінальных справаў паводле арт. 193-1 “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.

Таксама Дашкевіча дапыталі ў якасці сведкі ў крымінальнай справе аб масавых закалотах 19 снежня.

Лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча прэвентыўна затрымалі 18 снежня. Актывісту выставілі абвінавачанне ў асабліва злосным хуліганстве. Максімальны тэрмін пакарання паводле гэтага артыкулу – да дзесяці гадоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары