Прадстаўнік беларускай амбасады ў Польшчы: Калі чыноўнік адказвае па-расейску – гэта не дыскрымінацыя


Кола маладых дыпламатаў Варшаўскага ўніверсітэту правяло навуковую сустрэчу пад назваю “Хто такія беларусы?”, дзе высвятлялі тоеснасць суседняга народу. Прэс-сакратара беларускай амбасады Аляксея Зелянка запрасілі на сустрэчу як госця.

Гэты чыноўнік неаднаразова быў заўважаны на беларускіх пра-дэмакратычных акцыях у Варшаве. Прадстаўнік амбасады звычайна здымае ўдзельнікаў незалежных імпрэзаў, альбо пільна натуе. Калі на адной з акцыяў да мужчыны падышла здымачная група тэлеканалу “Белсат” спадар Зелянко спачатку адказваў па-польску, а затым на мяшанцы трох моваў патлумачыў, што выпадкова прагульваўся побач.

Гаворка пра тоеснасць? Ленін з Каліноўскім і нялюбы сцяг

Разважаючы ў Варшаўскім універсітэце пра тоеснасць беларусаў, прэс-сакратар беларускай амбасады згадаў, як Кастуся Каліноўскага, так і Леніна. Паводле прадстаўніка пасольства, гэтыя людзі аднолькава важныя для беларусаў.

Польскія студэнты мала ведалі пра Беларусь, а іхныя пытанні датычылі пераважна польска-беларускага гандлю, ды гістарычных падзеяў. Моладзь, аднак, не баялася часам уздымаць і нязручных для беларускага службоўцы пытанняў.

Калі нехта з прысутных у зале запытаўся пра нашумелы фільм “Жыве Беларусь!”, прэс-сакратар адказаў, што фільму не глядзеў. Аднак, дадаў, што ўласнаручна пісаў абураны ліст, падпісаны паслом Беларусі ў Польшчы Віктарам Гайсёнкам, дзе асуджаў фільм. “Ніводзін з паказаных у стужцы фрагментаў не мае нічога блізкага да рэчаіснасці, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнару”, – напісана ў лісце.

Паводле прадстаўніка амбасады, бел-чырвона-белы сцяг не забаронены ў Беларусі ды свабодна выкарыстоўваецца аматарамі гісторыі на рыцарскіх рэканструкцыях. Тым не менш, паводле Зелянка, “беларусы не любяць бел-чырвона-белых сцягоў”.

«Апазіцыя прысвоіла выключнае права на мову»

Артыкул 5 Закону “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”: “Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай або расейскай мове са спасылкаю на няведанне мовы звароту цягне за сабою адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь”

На сустрэчы, дзе палякі хацелі даведацца пра ідэнтычнасць беларусаў, найбольш пытанняў было пра беларускую мову. Спадар Зелянко падкрэсліў, што сам разумее беларускую мову і чытае на ёй, але па-беларуску не можа гаварыць гэтак добра, як па-расейску. “Часам я чую беларускую мову на вуліцы. Людзі гавораць, і ніхто не аглядаецца. Размаўляць па-беларуску – гэта нармальна, хоць стала па-беларуску ў Беларусі гаворыць толькі 3 % людзей”, – дадаў Зелянко.

Абсалютна не правільным прэс-сакратар беларускай дыпламатычнай пляцоўкі лічыць атаясамліванне беларускай мовы і апазіцыі: “Сярод працаўнікоў амбасады ёсць некалькі чалавек, якія размаўляюць па-беларуску, прычым на вельмі прыгожай літаратурнай мове”. Паводле прадстаўніка пасольства, гэта хутчэй сама апазіцыя прыўласціла выключнае права на беларускую мову.

На думку спадара Зелянка, грамадзянін, звярнуўшыся ў афіцыйнай установе па-беларуску, зусім не будзе дыскрымінаваны, калі атрымае адказ па-расейску. “Людзі ж ходзяць да чыноўнікаў не хваліцца сваёй беларускаю моваю, а вырашаць справы. Усе ў Беларусі цудоўна ведаюць дзве мовы”, – заявіў прэс-сакратар.

Каментар праваабаронцы: Адказалі не на мове звароту – парушылі закон

“Калі беларускамоўная асоба атрымлівае афіцыйны вусны або пісьмовы адказ па-расейску, – адбываецца наўпроставае парушэнне закону”, – каментуе словы прадстаўніка беларускай дыпламатычнай службы праваабаронца Гары Паганяйла. Згодна з беларускім заканадаўствам дзяржаўныя службоўцы абавязаныя ведаць дзве дзяржаўныя мовы, а адмысловыя атэстацыі чыноўнікаў мусяць правяраць не толькі іхную прафесійную кампетэнтнасць, але і веданне беларускай мовы.

Пункт 1.3 артыкулу 26 Закону “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” абавязковым кваліфікацыйным патрабаваннем, якое выстаўляецца пры паступленні на дзяржаўную службу, называе валоданне дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронца заўважыў: “Вінаватыя ў тым, што чыноўнікі адказваюць па-расейску, таксама самі грамадзяне, якія згаджаюцца на расейскую мову ў афіцыйных установах і не абараняюць сваіх правоў праз суд”.

Пакуль жа, адзначыў спадар Паганяйла, дробныя службоўцы не выконваюць закону, бо яго не прытрымліваюцца і тыя, хто займаюць самыя высокія пасады.



ДБ, belsat.eu

Стужка навінаў