Збор подпісаў за помнік Каліноўскаму. “А ён не камуніст? Не? Тады падпішу”


Больш за 3 тыс. менчукоў ужо падпісаліся пад калектыўным зваротам да гарадскіх уладаў. Месца для помніку нацыянальнаму герою Беларусі абралі ў скверы на аднайменнай вуліцы Каліноўскага, недалёка ад царквы Усіх Святых.



Ёсць вуліца Каліноўскага – чаму на ёй не ўсталяваць помнік?



Ідэя ўсталявання помніку належыць грамадскай арганізацыі “Альтэрнатыва”. Як распавёў яе лідар Алег Корбан, кампанію наконт збору подпісаў распачалі на пачатку гэтага года, прымеркаваўшы яе да 150-й гадавіны паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага.

“Мы робім гэта, бо мяркуем, што сёння вельмі важна даводзіць людзям важнасць асобы Кастуся Каліноўскага, значнасць паўстання, таму мы і распачалі збіраць подпісы за тое, каб у Менску быў усталяваны помнік лідару паўстанцаў 1863 года, – распавядае спадар Корбан. – Мы перададзім зварот з подпісамі Менскаму гарадскому савету дэпутатаў і ў Міністэрства культуры. Мы спадзяемся, што ўлады пойдуць насустрач. Бо ёсць жа вуліца Каліноўскага ў Менску – чаму помнік не паставіць?”.

На думку Алега Корбана, помнік мусяць усталяваць на сродкі гарадскога бюджэту. Але калі раптам грошай не знойдзецца, актывісты гатовыя распачаць грамадскую кампанію ў справе збору ахвяраванняў. “Гэта будзе нават лепш, – адзначае лідар “Альтэрнатывы”. – Тады гэты помнік будзе насамрэч народны”.

Макету помніку ці нейкай ідэі яго выгляду яшчэ няма. Як адзначае Алег, перш за ўсё трэба дамагчыся прызнання ўладамі таго, што такі помнік Менску неабходны. А ўжо ў выніку станоўчага адказу распачнецца распрацоўванне макету. Алег адзначае, што будзе лічыць мэту дасягнутаю, нават калі ўлады дадуць згоду толькі на мемарыяльную шыльду.

Жыхары вуліцы Каліноўскага: за помнік подпіс паставім, але зрабіце нам дзіцячую пляцоўку

Бабулькі каля пад’езду аднаго з дамоў на вуліцы Каліноўскага, як пачулі пра ўсталяванне помніку, з падазрэннем перапыталі: “А навошта нам гэтае будаўніцтва? Каб парк сапсаваць? Адзінае месца, дзе тут пагуляць можна”. Але калі ім растлумачылі, што помнік ніяк не пашкодзіць парку, а наадварот, яго ўпрыгожыць, яны ахвотна паставілі подпісы і адчынілі актывістам дзверы ў пад’езд. Адная з іх, спадарыня Тамара, праводзіла маладзёнаў словамі: “Малайцы! Дабівайцеся! Слушна робіце!”. Маладая дзяўчына ў адной з кватэраў не ведала, хто такі Каліноўскі, і запыталася: “А ён не камуніст? Не? Тады падпішу”.

У большасці жыхары вуліцы Каліноўскага падтрымліваюць ідэю з помнікам. Але сутыкаюцца зборшчыкі подпісаў і з абыякавасцю. Адзін мужчына, малады бацька, адмовіўся падпісваць са словамі: “Вы лепш дзіцячую пляцоўку каля нашага дому зрабіце”.

Арыгінальнае тлумачэнне адмове ставіць подпіс даў дзядуля гадоў 70: “Ён жа [Каліноўскі – belsat.eu] быў супраць цара. А цар валадарыў над усёй Расеяй, а значыць, і Беларуссю. Значыць, Каліноўскі ваш быў супраць Беларусі. Не, не буду падпісваць”.

А ўвогуле менчукі, як адзначае Алег, ставяцца да помніку Каліноўскаму станоўча: “Прыкладна 80 % ставяць подпіс і падтрымліваюць гэтую справу. Каля 15 % не ведаюць увогуле, хто такі Кастусь Каліноўскі – даводзіцца тлумачыць. Няшмат тых, хто адмаўляецца”.

Актывісты збіраюць подпісы на вуліцах, ходзяць па кватэрах. Таксама, як распавёў лідар “Альтэрнатывы”, кожны ахвотны можа паставіць свой подпіс у кнігарні “ЛогвінаЎ” (праспект Незалежнасці, 37а) і на ўправе партыі БНФ (вул.Чарнышэўскага, 3). Збор подпісаў працягнецца да канца траўня.

У Беларусі на сёння ёсць толькі адзін помнік Кастусю Каліноўскаму – у Свіслачы на Гарадзеншчыне.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў