Сумныя ўгодкі. 14 гадоў без Юрыя Захаранкі


Былы міністр унутраных справаў Беларусі знік пры нявысветленых акалічнасцях. І дагэтуль пра лёс апазіцыйнага палітыка нічога невядома. Следчы камітэт перыядычна падаўжае тэрмін расследавання, але шмат хто ў Беларусі ды за мяжою мяркуе, што справу знікнення генерала вядуць фармальна, а неўзабаве і ўвогуле могуць спыніць.

Генерал Юрый Захаранка – першы палітык у Беларусі з шэрагу апазіцыянераў, зніклых без вестак. 14 гадоў таму яшчэ ніхто не ведаў, што неўзабаве пасля яго згінуць незаконна пазбаўлены пасады старшыня ЦВК Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі ды журналіст Дзмітрый Завадскі. Нікога з іх гэтак і не знайшлі.

Захаранка вылучаўся харызмаю і ўменнем кіраваць, ён быў адным з ініцыятараў стварэння альтэрнатыўнага Саюзу афіцэраў. Такім чынам, на думку праваабаронцаў, былы міністр уяўляў рэальную небяспеку для ўладаў, бо за ім стаялі людзі ў пагонах.
{movie}Сумныя ўгодкі|right|10587{/movie}
ВАЛЕР ШЧУКІН, ПРАВААБАРОНЦА:
“Захаранка ішоў у першых шэрагах, ён не пабаяўся наўпрост выказацца супраць рэжыму. Далёка не ўсе гатовыя ісці наперадзе”.

Неўзабаве пасля знікнення палітыка ягоная сям’я папрасіла прытулку ў Нямеччыне. У Беларусі са сваякоў Захаранкі засталіся стрыечная сястра і маці. 89-гадовая Улляна Рыгораўна жыве адна ў паселішчы Васілевічы Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці. Часамі яе наведваюць паплечнікі Юрыя, праваабаронцы ды журналісты. Наведалі і сёння, у сумную гадавІну. Кожны раз жанчына з надзеяй чакае, што госці прывязуць ёй добрыя навіны пра сына. Але гады ідуць, а вестак няма: ні добрых, ні кепскіх.

УЛЛЯНА ЗАХАРАНКА, МАЦІ ЗНІКЛАГА:
“Лягу, усё роўна не сплю. Дзеці ў вачах, Юра не выходзіць. Падымуся, пайду ў ягоны пакой, сяду, пагляджу, паплачу. Ніколі не думала, што гэтак будзе”.

Што да кіраўніцтва краіны, пра Юрыя Захаранку ды іншых зніклых яно маўчыць. І не хоча, каб нехта ўспамінаў пра гучныя справы канца дзевяностых – пачатку двухтысячных. Сёлета, у гадавІну знікнення Захаранкі, Аб’яднаная грамадзянская партыя, сябрам якой ён быў, збіралася правесці пікеты з патрабаваннем рэальнага расследавання справаў. На пікеты ў сталіцы і ў абласных цэнтрах агулам падалІ больш за семдзесят заявак, аднак ніводную з(ь й)іх улады не задаволілі. Таму партыя вырашыла дзеяць іначай.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:
“Я асабіста ў капэрты кладу партрэт Юрася Захаранкі ды накіроўваю на тры адрасы: кіраўніку Следчага камітэту, генеральнаму пракурору і міністру ўнутраных справаў. Тут не будзе ніякіх зваротаў, мы іх накіравалі на пачатку года і атрымалі абсалютныя адпіскі. І мы ведаем, што будзе праз год: справа Захаранкі, як і Ганчара, і Красоўскага, будзе проста спісаная ў архіў”.

Не дапусціць гэтага намагаюцца не толькі сябры АГП, але і праваабаронцы. Яны паспрабуюць дамагчыся перакваліфікацыі артыкулу справы на 128 артыкул Крымінальнага кодэксу (“злачынства супраць чалавечнасці”), які не мае тэрміну даўнасці.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА:
“Мы бачым, як ва Украіне ў справе Гангадзе пасля змены ўлады было расследаванне, я лічу, эфектыўнае. Да адказнасці прыцягнулі людзей. Такі ж лёс чакае і тых, хто датычны да гэтага выкрадання, і тых, хто не рабіў неабходных захадаў падчас расследавання гэтай справы”.

Пакуль жа ж нават даведацца пра тое, як ідзе следства, немагчыма. Праз чатырнаццаць гадоў пытанні “дзе Захаранка?”, “што з ім?” і “хто вінаваты ў ягоным знікненні?” усцяж застаюцца без адказу.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/player_embedded&v

Глядзі таксама
Каментары