Ева Някляева ў “Гарачым каментары”


“У Еўропы няма стратэгіі датычна Беларусі”
Кажа дачка Уладзіміра Някляева, каментуючы аднаўленне візавых санкцыяў для шэрагу беларускіх чыноўнікаў. “Я расчараваная гэтаю рэзалюцыяй, бо яна вельмі слабая і паказвае, што нашая праца – гэта толькі пачатак, і што трэба працаваць з Еўразвязам і з кожнаю краінай асобна ды даносіць да іх тое, што адбываецца ў Беларусі. Я мяркую, яны самі зразумеюць, што візавыя санкцыі, хутчэй, агароджваюць Еўразвяз ад тых людзей, што збівалі жанчын і дзяцей на Плошчы, а не ўплываюць на палітыку Беларусі”, – зазначыла Ева Някляева.
Дачка экс-кандыдата ўпэўненая ў тым, што еўрапейскія палітыкі, прынамсі тыя, з кім яна размаўляла, разумеюць сітуацыю ў Беларусі і салідарныя з палітвязнямі ды іхнімі сем’ямі, аднак “яны не ўпэўненыя, у іх няма адзінае стратэгіі датычна Беларусі”, – кажа яна.
Ева Някляева мяркуе, што праблема – у нястачы інфармацыі аб Беларусі: “Калі майго бацьку пасадзілі пад хатні арышт, усе газеты на наступны дзень выйшлі з загалоўкамі “Някляеў на свабодзе”, таму я спрабавала данесці да еўрапарламентарыяў напярэдадні прыняцця рэзалюцыі, што гэта не свабода. Разам з бацькам у доме жывуць два гэбэшнікі, а мне нават не дазваляюць паразмаўляць з ім”.
Магчыма, еўрапарламентарыі чакаюць, што ціск на ўлады пачнецца перадусім з Беларусі. Але Ева Някляева ўпэўненая, што грамадства ўсё яшчэ знаходзіцца ў шоку пасля падзеяў 19 снежня, а гэта толькі падкрэслівае значэнне тых акцыяў, якія праводзяцца дзеля падтрымання палітвязняў. “Людзі выходзяць на вуліцы, ведаючы, што іх затрымаюць, што іх могуць збіць. Але яны выходзяць, і гэта толькі пачатак”, – падкрэслівае дачка экс-кандыдата.
“Я ганаруся сваім бацькам. Тое, што адбылося ў дзень выбараў, гэта не ягоная віна, гэта віна тых, для каго чалавечае жыццё і свабода нічога не вартыя”, – упэўненая Ева Някляева.
belsat.eu

https://youtu.be/Tta41UUVoLc

Глядзі таксама
Каментары