Фільм «Жыве Беларусь!» – глядзім і пампуем ужо 8 траўня!


Арганізатары суполкі «ВКонтакте», прысвечанай стужцы «Жыве Беларусь!», збіраліся выкласці фільм у інтэрнэт не раней за лета. Але пад ціскам тых, хто жадае паглядзець яго, зробяць гэта раней.

Паглядзець «Жыве Беларусь!» у інтэрнэце змогуць толькі беларускія карыстальнікі. Цяпер адбываюцца перамовы з адміністратарамі трэкераў, каб фільм быў даступны ў суполцы vivabelarus ўжо праз некалькі дзён.

Першы мастацкі фільм на беларускай мове пра сучасную Беларусь 22 траўня прэзентавалі на кінакірмашы ў Канах. Здымкі фільму адбываліся ў атмасферы сакрэтнасці, і толькі некаторыя дэталі траплялі ў сеціва. Гэтак, было вядома, што бюджэт кінакарціны складае $ 1 млн, стужка створаная на падставе біяграфіі моладзевага актывіста Франака Вячоркі.

Урэшце бюджэт павялічылі амаль удвая – да $ 1 млн 900 тыс., што і так параўнальна невялікая сума. А сюжэт выглядае прыкладна так… Беларусь застаецца пад уладаю дыктатуры Лукашэнкі цягам пятнаццаці гадоў. Мірон, малады рок-музыка, не цікавіцца палітыкаю. Чарговы канцэрт ягонага гурта ператвараецца ў палітычную акцыю, а музыку сілком адпраўляюць у войска ў якасці пакарання. Там Мірон праходзіць праз выпрабаванні ды робіцца іншым чалавекам.

Стужку, у якой граюць вядомыя беларускія акторы і музыкі, у тым ліку вядомы рэпер Вінсэнт, а таксама Анатоль Кот, Раман Падаляка і Аляксандр Малчанаў, знялі за межамі Беларусі. У галоўнай ролі – Вінсэнт, ягоны герой – Мірон Захарка, лідар рок-гурта «Форца». Песні для фільму напісаў Лявон Вольскі.

Стварэнне кінафільму фінансавалі польскія Міністэрства культуры, Інстытут кінамастацтва і канал «Плюс». Здымала дзяржаўная Кінастудыя дакументальных і мастацкіх фільмаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў