Ліст чытача: Давайце хадзіць на гульні з двума сцягамі!


Набалела. Я бачыў, як забіралі бел-чырвона-белыя сцягі і кудысьці выводзілі хлопцаў, якія іх уздымалі, на канцэрце ў Менску, дзе спявалі песні аднаго забароненага гурта. Гэта нонсэнс, але ўсе ведаюць: узняў гістарычны беларускі нацыянальны сцяг – атрымай суткі. У Беларусі… Іншая справа – Швецыя.

А што скандал са сцягамі думаеце вы?

Шаноўныя чытачы старонкі belsat.eu і гледачы тэлеканалу “Белсат”!

Дасылайце свае лісты і меркаванні на наш электронны адрас belsat.eu@gmail.com, і мы абавязкова іх надрукуем.

У дэмакратычнай краіне выцягнулі з арэны і забаранілі заўзець за сваю каманду беларусам, якія прыйшлі з нацыянальным гістарычным сцягам (ніхто не выкідвае расяян, якія прыходзяць з савецкім сцягам). Па сутнасці, гэта – міжнародны скандал, і міністр замежных справаў Беларусі павінен быў у той жа дзень выступіць у абарону грамадзянаў нашай рэспублікі.

Але якое там?!. Наадварот, гэта беларускі чыноўнік, прабачце за нецэнзурнае слова, Ворсін, і нацкаваў шведскіх паліцэйскіх на беларусаў. Праз некаторы час назваўшы маіх суайчыннікаў «неадэкватнымі» і «отребьем», а гістарычны сцяг – анучай.

Дарэчы, тым, хто актыўна выступае супраць бчб, падумайце: чаму так мала дзяржаўных сцягоў на «Менск-Арэне», калі гуляе «Дынама», ці на «Дынама», калі гуляе БАТЭ, нават калі гуляе футбольная зборная, сцягоў вельмі мала? І справа не ў тым, што ў нас няма патрыётаў. Мы ёсць, я сам хадзіў на футбол з чырвона-зялёным сцягам некалькі гадоў таму. Але потым я задумаўся: тут нешта не так…

І сапраўды, аказалася, што бчб сцяг прыдумалі мае продкі – беларусы, на падставе шматвяковай гісторыі геральдыкі, а чырвона-зялёны прыдумалі савецкія акупацыйныя ўлады на загад ката Сталіна. Я паважаю афіцыйныя нацыянальныя колеры, бо люблю Беларусь, і цяпер увесь свет нас успрымае з такім сцягам, гербам і гімнам. Але на стадыён прыйду з двума сцягамі, калі гэта ў нас будзе магчыма.

Вось гэтым інцыдэнтам у Швецыі беларуская ідэалогія ў асобе, даруйце за нецэнзурнае слова, Ворсіна, хоча падзяліць нас, беларусаў, на правільных і няправільных, якім можна заўзець, а якім – не. Тут наш, народны, адказ, павінен быць рашучым і галосным. Мы – разам. Мы – адзін народ.

Калі ласка, родныя беларусы, давайце адзін аднаго паважаць. Сябры «Беларускай нацыянальнай памяці», калі ласка, вазьміце на наступную гульню з сабой і афіцыйны сцяг, далучайцеся да іншых беларусаў, тлумачце, чаму вы прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, паверце, шмат хто з моладзі сапраўды не ведае ці лічыць гістарычны сцяг – нейкім палітычным.

На жаль, сучасная беларуская ідэалогія вядзе барацьбу з беларускаю гісторыяй. Але гісторыю немагчыма перамагчы, яна была, ёсць і будзе. Мала таго, і гэтая ідэалогія таксама стане гісторыяй. Пытанне, калі і што будзе далей. Ад нас сёння залежыць, ці будзе жыць Беларусь заўтра. Нездарма гэты інцыдэнт адбыўся ў 150-ую гадавіну паўстання К. Каліноўскага.

Кастусь Каліноўскі стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, яшчэ 150 гадоў таму, ён настолькі любіў беларускую зямлю, што аддаў за яе жыццё. Нам жа цяпер ужо не трэба такіх ахвяраў. Я веру, што нам трэба ўсяго толькі аб’яднацца, быць разам, паважаць адзін аднаго і любіць: усё ж такі ўсе мы – беларусы, а Беларусь у нас – адна.

Яўген

Стужка навінаў