Берасцейскі абласны суд палічыў, што абраза – гэта свабода слова


У Берасцейскім абласным судзе адбыўся працэс паводле справы абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі паміж незалежнаю фотажурналісткаю Міланаю Харытонавай і карэспандэнтам дзяржаўнага выдання «Брестский вестник» Уладзімірам Міневічам.

Абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі журналісткі на рашэнне суда Маскоўскага раёну Берасця. Адказчык у суд не з’явіўся.

Нагадаем, што больш за год таму Мілана здымала акцыю «Хопіць друкаваць фанцікі». На пешаходнай вуліцы Савецкай актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» раскідалі дробныя купюры наміналам 10–100 рублёў з надпісам «Хопіць друкаваць фанцікі. ШОС». Інфармацыя пра акцыю з’явілася на сайце кампаніі БелаПАН і была перадрукаваная парталам «Виртуальный Брест».

{movie}Мілана Харытонова пра Берасцейскі абласны суд|right|10544{/movie}

У выніку на рэгіянальным партале пад матэрыялам Міланы з’явіліся некалькі абразлівых каментароў на адрас журналісткі. Харытонава напісала заяву ў міліцыю, каб каментатара знайшлі. Аўтарам зняважлівых выказванняў аказаўся карэспандэнт газеты берасцейкага гарвыканкаму «Брестский вестник» Уладзімір Міневіч.

У спадара Міневіча было дастаткова часу, каб папрасіць у дзяўчыны прабачэння, але ён гэтага рабіць не стаў. Тады Мілана Харытонава падала на яго пазоў у суд аб абароне гонару, годнасці ды дзелавой рэпутацыі. Яна патрабавала зняпраўдзіць не адпаведныя рэчаіснасці звесткі ды выплаціць грашовую кампенсацыю памерам Br 3 млн, а таксама скампенсаваць судовыя выдаткі. Але суддзя Таццяна Ісаева, спаслаўшыся на права адказчыка на свабоду слова, не задаволіла позву Міланы Харытонавай і запатрабавала з яе аплату экспертызы – Br 1,5 млн. Экспертызу прызначылі паводле хадайніцтва дзяржаўнага журналіста. Рабіў яе чалавек, які не мае адпаведнай ліцэнзіі.

Тады Мілана звярнулася ў абласны суд. Справу разглядалі тры судзі пад старшынствам Алены Хацько.

Пытанняў, якія выклікала экспертыза, яны да ведама не прынялі. Суддзі павярнулі справу такім чынам, што разбіраліся не ў праўдзівасці выказвання, а ў тым, ёсць яно меркаваннем ці фактам, які можна абвергнуць. «Нават у экспертызе было пазначанае, што такія выказванні могуць абурыць чалавека, прынізіць гонар і годнасць. Нягледзячы на гэта, абласны суд пакрывае хібы суда Маскоўскага раёну, які, у сваю чаргу, вынес неабгрунтаванае рашэнне, – паведаміла «Белсату» Мілана Харытонова. – Думаю, што, калі б гэтае выказванне датычылася не мяне, а суддзяў ці чыноўнікаў, справа б вырашалася зусім па-іншаму».

Журналістка будзе абскарджваць гэтую пастанову.

АЛ, АК, belsat.eu

Стужка навінаў