Сірыя: Хімічную зброю выкарысталі паўстанцы?


Першыя паведамленні пра выкарыстанне хімічнай зброі ў грамадзянскай вайне з’явіліся ў снежні мінулага года, пасля – у красавіку сёлета. Ізраіль і ЗША заявілі, што хутчэй за ўсё нервова-паралітычны газ зарын выкарысталі лаяльныя Башару аль-Асаду войскі. Аднак учора ўвечары сябра адмысловай камісіі ААН Карла дэль Понтэ выступіла з заяваю пра тое, што хімічную зброю ўжылі паўстанцы.

Паўстанцы ці лаялісты?

Карла дэль ПонтэКарла дэль Понтэ“Сябры камісіі былі ў суседніх краінах, апытвалі пацярпелых і лекараў, у тым ліку і ў палявых шпіталях. І згодна з атрыманымі звесткамі, ёсць вельмі сур’ёзныя, абгрунтаваныя падазрэнні, што ў Сірыі ўжылі зарын. Яго выкарыстоўвалі паўстанцы, а не ўрадавыя войскі”, – цытуе чыноўніцу агенцтва “Reuters”.

Разам з тым яна падкрэсліла, што незняпраўджаных доказаў таго, што першымі па хімічную зброю сягнулі паўстанцы, няма. Тым часам бакі канфлікту ўскладаюць адказнасць адзін на аднаго. Паўстанцы кажуць пра тое, што ў іх нават няма ракетаў, здольных несці зарады з зарынам. Апошняе як раз малаімаверна, улічваючы вялікую колькасць урадавых войскаў, што перайшлі на іх бок.

Толькі падчас красавіцкай хімічнай атакі загінулі прыблізна 20 мірных грамадзянаў і амаль 90 былі параненыя.

Зарын – моцны нервова-паралітычны газ, адкрыты яшчэ пад час Другой сусветнай вайны. Аднак сапраўдная папулярнасць прыйшла да яго пасля вайны, калі ЗША і СССР актыўна намнажалі запасы хімічнай зброі. Смерць наступае ўжо пасля хвіліннага кантакту з газам, прычым яго не абавязкова нават удыхаць – дастаткова, калі зарын трапіць на адкрытую скуру. ААН прызвала да поўнага знішчэння ўсіх запасаў газу да красавіка 2007 года. Сірыя мае на ўзбраенні некалькі сотняў яшчэ савецкіх ракетаў “Скад” і нават да тысячы ракетаў SS-21.

Ізраіль узмацняе мяжу

Учора стала вядома пра тое, што Тэль-Авіў мабілізаваў батарэі супрацьпаветранай абароны “Жалезны купал” на мяжы з Сірыяй. Тады Дамаск вінаваціў ізраільскі бок у бамбардаванні навуковага цэнтру пад Дамаскам і авіяўдары па калоне з узбраеннем. Сёння Сірыя кажа пра тое, што ракеты класу “зямля–зямля” скіраваныя ў бок Ізраілю і будуць ужытыя ў выпадку паўтору атакаў.

Тэль-Авіў адказаў на гэта яшчэ большым узмацненнем аховы сірыйска-ізраільскай мяжы. Як відаць у відэаматэрыяле, калоны ізраільскіх танкаў размеркаваныя ля самой мяжы.

Колькі засталося Дамаску?

Баі вакол сірыйскай сталіцы вядуцца ўжо амаль год. Учора лаялісты абвесцілі пра “нанясенне магутнага ўдару” па сілах паўстанцаў у сталіцы, аднак як відаць з аматарскага відэа, ужо ў самім Дамаску, а дакладней у паўднёвым раёне Саіда Зэйнаб пачаліся антыўрадавыя хваляванні. Група пратэстоўцаў зрывае партрэты дзейнага прэзідэнта Башара аль-Асада і знішчае бюст ягонага бацькі – Хафэза.

У.Ш.,belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары