Беларусь–Славенія 4:3. А бел-чырвона-белыя сцягі “перашкаджалі тэхніцы бяспекі”


Пакуль беларуская зборная ў упартай барацьбе здабывала першую перамогу на чэмпіянаце свету-2013 у Швецыі, актывісты Беларускай нацыянальнай памяці ізноў падтрымалі хакеістаў нацыянальнымі сцягамі. Апынулася, што ахова імпрэзы прыслухалася да патрабаванняў Ворсіна і загадала прыбраць вялікі сцяг, а кіраўніка БНП Анатоля Міхнаўца выцягнулі з трыбунаў.

Як распавёў Еўрарадыё сам Міхнавец, гэтым разам размовы пра “палітычнасць” сцягоў не вялося. Ахоўнікі аргументавалі сваі дзеянні тым, што сцягі, а перадусім вялікае палотнішча парушае правілы бяспекі чэмпіянату. Як не дзіўна на патрабаванне паказаць адпаведны пункт у правілах бяспекі, ахоўнікі не знайшлі што адказаць, таму меншыя сцягі засталіся вісець на трыбунах да канца двубою.
Беларуская федэрацыя хакею абяцала, што сцягі будуць прыбірацца з трыбунаў, а старшыня федэрацыі Яўген Ворсін падзяліўся меркаваннем, што людзі з нацыянальнаю сімволікаю вывесілі яе за грошы.

Розгалас здарэння дайшоў і да шведскіх парламентарыяў. Адзін з іх – Крыстыян Гольм (Christian Holm), які неаднаразова бываў у Беларусі, – напісаў у сваім профілі ў «Facebook’у»: арганізатары чэмпіянату выступілі супраць незалежнага сцяга, паказанага Лукашэнку змагарамі за свабоду, але ў парадку для іх – арганізоўваць наступны Чэмпіянат свету ў Беларусі. «Ганебна і няёмка, калі гэта – апошняя навіна», – выказаўся тады дэпутат шведскага Рыксдагу.

Тым часам беларуская зборная выглядала значна больш упэўнена, чымся ў двубоі з чэхамі, які скончыўся 0:2 на карысць чэшскай зборнай.
Шайбы славенцам закінулі: Казнадзей – 17.19; Кітараў – 29.44; Філічкін – 43.57; Угараў – 55.19.

У.Ш., belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары