Скандал на Чэмпіянаце свету па хакеі: шведскія заўзятары абаранялі бел-чырвона-белыя сцягі ад паліцыі


“Ганебна і няёмка”, – напісаў з гэтай нагоды на сваім “Facebook’у” дэпутат шведскага парламенту Крыстыян Гольм.

Актывісты Беларускай Нацыянальнай Памяці прыйшлі на матч беларусаў і чэхаў у Стакгольме з беларускай нацыянальнай сімволікай. На трыбунах было многа бел-чырвона-белых сцягоў розных памераў, а таксама герб Пагоня.

Сёння, 3-га траўня, распачаўся Чэмпіянат свету па хакеі–2013, якія праходзіць у сталіцах Фінляндыі ды Швецыі. Беларусы згулялі ў Стакгольме з чэхамі. Два перыяды скончыліся з перавагаю чэхаў – 1:0. Беларусаў неаднойчы ўратаваў брамнік Віталь Бялінскі.

У трэцім перыядзе чэхі стрэлілі ў беларускую брамку яшчэ адзін раз. Вынік матчу – 2:0 на карысць чэшскай зборнай.

Пра тое, што арганізатары Чэмпіянату свету па хакеі выклікалі паліцыю на беларусаў за бел-чырвона-белыя сцягі на трыбунах, на “Facebook” напісаў Ігар Шчэкарэвіч: “Сцягі дзякуючы падтрымцы шведскіх заўзятараў атрымалася абараніць. Аднак арганізатары паабяцалі, што больш беларусаў з нацыянальнымі сцягамі на трыбуну не пусцяць”.

Розгалас здарэння дайшоў і да шведскіх парламентарыяў. Адзін з іх – Крыстыян Гольм, які неаднаразова бываў у Беларусі – напісаў на сваім профілі ў «Facebook’у»: арганізатары чэмпіянату выступілі супраць незалежнага сцяга, паказанага Лукашэнку змагарамі за свабоду, але ў парадку для іх – арганізоўваць наступны Чэмпіянат свету ў Беларусі. “Ганебна і няёмка, калі гэта апошняя навіна”, – выказаўся дэпутат шведскага Рыксдагу.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі за мяжою выклікаюць паліцыю, убачыўшы беларускую нацыянальную сімволіку. У 2011 годзе такі інцыдэнт здарыўся на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе ў горадзе Быдгашч (Польшча). Крыху больш за месяц таму праваахоўнікі разбіраліся з беларусамі ў Вільні.

МЯ, АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары