Першы этап у навуковую місію на Марс прайшлі ўжо двое беларусаў


Хто яны – вар’яты, летуценнікі ці апантаныя навукоўцы? Чаму нашыя суайчыннікі хочуць паляцець на Марс, ведаючы, што гэта будзе падарожжа ў адзін бок? Арганізатары праекту папярэджваюць: тэхналогіяў, якія б дазволілі вярнуцца на Зямлю, пакуль не існуе.

Так будзе выглядаць марсіянская вёска. Фота Mars OneТак будзе выглядаць марсіянская вёска. Фота Mars OneДзве асобы з Беларусі зарэгістраваліся да ўдзелу ў галандскім праекце «Mars one», мэта якога – засяліць людзьмі чырвоную планету. Паводле кіраўніка аднайменнай фундацыі Баса Ляндорпа, яшчэ да абвешчэння афіцыйнага набору ўдзельнікаў 23 красавіка, да іх звярнуліся болей за 10 тыс. дабравольцаў. Аднак далёка не ўсе з іх прайшлі першы этап адбору, калі арганізатары змяшчаюць анкету і відэазапіс звароту на сайце праекту, дзе за кандыдатаў можна галасаваць.

“Валодаю любым тыпам лапатаў”

Першы і пакуль адзіны кандыдат ад Беларусі – 41-гадовы Андрэй, які свой відэазварот запісаў па-расейску. “Прывітанне, мяне завуць Андрэй, мне 41 год. Двое дарослых дзяцей і ўжо ніводнай жонкі. Па-англійску пішу і чытаю, гаварыць навучуся ў працэсе навучання [маюцца на ўвазе 8-гадовыя курсы рыхтавання да палёту ў космас тых, хто пройдзе канчатковы адбор – belsat.eu]. У сваім жыцці я займаўся практычна ўсім, і лягчэй пералічыць тое, чаго я не ведаю і не ўмею”.

“Катэдж” на Марсе. Фота Mars OneБеларус спадзяецца, што за 8 гадоў рыхтавання іх навучаць “націскаць патрэбныя кнопкі”. Кажа, што працуе з любою тэхнікаю і электронікаю, хіміяй, раслінамі і “любым тыпам лапатаў”. “На Зямлі я ўжо шмат чаго паспрабаваў, усё скончыў, але я яшчэ маю кучу здароўя, няма шкодных звычак, ёсць пачуццё гумару, цярплівасць, мудрасць і жыццёвы досвед. Мяне не пужаюць ні адзінота, ні смерць”. Андрэй мае разрад па шахматах і стралянні з пісталету, прафесійны кіроўца. Быў будаўніком, праграмістам, бізнесменам, наладчыкам станкоў, аўтадыягностам. Цікавіцца батанікаю, хіміяй, касмалогіяй, псіхалогіяй, займаецца айкідо.

Пра тое, што яго зарэгістравалі да ўдзелу ў праекце «Mars one», ён піша ў “Жывым Часопісе”. Паводле яго, за першы дзень ягоны профіль на старонцы праекту прагледзела 700 чалавек. Валантэр таксама абвесціў збор электронных грошай “на квіткі і рэкламу”.

Так марсіянскі дом будзе выглядаць унутры. Фота Mars OneТак марсіянскі дом будзе выглядаць унутры. Фота Mars OneЗ дзяцінства цікавіўся космасам

Другі прэтэндэнт з Беларусі на засяленне Марсу – 22-гадовы студэнт Андрэй, які навучаецца ў Расеі. Ад гэтай краіны ён і падаў заяўку. “Яшчэ з дзяцінства я быў зачараваны астраноміяй і ўсім, што датычыць космасу. Тым, наколькі мы малыя ў параўнанні з веліччу Сусвету ды нашай маленькай планеты. Тым, наколькі варожае асяроддзе чакае нас у космасе і як чалавеку ўдаецца прыстасавацца да тамтэйшых абставінаў, – паведамляе Андрэй у сваім відэазвароце. – І калі я ўпершыню зайшоў на старонку праекту, я зразумеў: гэта тое, чым я хачу займацца”.

У анкеце ён адзначае, што ягоныя хобі – астраномія, фізіка, праграмаванне, навуковая фантастыка, паркур, роваравыя паездкі на доўгія дыстанцыі ды ірландская музыка.

Аўтары праекту абяцаюць, што ў марсіянскім доме можна будзе пасадзіць гарод. Фота Mars OneАўтары праекту абяцаюць, што ў марсіянскім доме можна будзе пасадзіць гарод. Фота Mars OneЯк зарэгістравацца, каб паляцець на Марс?

Кожны, хто хоча паляцець на Марс, меўся запісаць відэазварот, чаму ён хоча гэта зрабіць, і запоўніць анкету: імя, узрост, краіна, мова зносінаў, колькі словаў пра сябе, кола інтарэсаў. У відэазвароце трэба было таксама распавесці пра сваё пачуццё гумару і пераканаць арганізатараў, што ты – ідэальны кандыдат для ўдзелу ў місіі.

Большасць валантэраў у якасці галоўнай матывацыі называюць важнае дасягненне і навуковы прарыў для чалавецтва, пошукі вялікай прыгоды, мажлівасць каланізацыі і пашырэння месца для рассялення людзей, зацікаўленне навукаю і тэхнікаю, ажыццяўленне дзіцячай мары.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары