Навігатары завялі на беларуска-ўкраінскую мяжу 1,5 тыс. расейскіх аўтаў


За суткі з 1 да 2 траўня на выезд ва Украіну праз пункт пропуску «Новая Гута» аформілі прыблізна 1500 легкавых аўтамабіляў з расейскімі нумарамі, што ў два разы больш, чымся напярэдадні, 30 красавіка.

Усяго за гэтыя суткі на выезд ва Украіну ў «Новай Гуце» аформілі прыкладна 2000 легкавых аўтамабіляў, з іх на беларускіх нумарах – толькі каля 200.

Чарга з легкавых аўтамабіляў у пункце пропуску «Новая Гута» пачала ўтварацца раніцаю 1 траўня і да сярэдзіны дня дасягнула паўтысячы машынаў, большасць з якіх былі з расейскімі нумарамі. Гэта звязанае з працяглымі травеньскімі святамі ў Расеі. Большасць падарожнікаў выкарыстоўвалі навігатары, якія паказваюць «Новую Гуту» як аптымальны шлях для мінання мяжы.

2 траўня сітуацыя ў пункце пропуску нармалізавалася. Паводле звестак на 15:00, у чарзе было прыкладна 80 легкавых аўтамабіляў.

Відавочцы паведамляюць, што 1 траўня напружанаю была сітуацыя і на беларуска-літоўскай мяжы. У чарзе даводзілася чакаць каля 10 гадзінаў. Шмат якія аўтамабілі мелі расейскія нумары.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары