Таварыства беларускай мовы просіць аб дапамозе


Сакратарыят ТБМ звярнуўся да грамадскасці з просьбаю дапамагчы. Арганізацыю пазбавілі ільготаў на арэнду, і цяпер яна не ў стане самастойна аплочваць рахункі. “Паводле новага ўказу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1 красавіка гэтага года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павысіўся на 60 % і дасягнуў Br 9 801 600 за месяц”, – гаворыцца ў звароце, апублікаваным на сайце ТБМ.

Паводле сакратарыяту ТБМ, каб утрымліваць сядзібу арганізацыі, трэба штомесяц збіраць Br 10 млн. “Калі пяць тысяч прыхільнікаў роднай мовы ахвяруюць штомесяц усяго дзве тысячы рублёў, нашая арганізацыя не загіне і каторы раз прадэманструе сённяшняй уладзе сваю годнасць. Імёны асобаў, якія ахвяруюць пасільныя сродкі на падтрыманне дзейнасці ТБМ, будуць надрукаваныя ў газеце “Наша слова”, што стане гістарычным сведчаннем змагання грамадзянаў за права “людзьмі звацца”, – напісана ў звароце.

{movie}Алег Трусаў у “Гарачым каментары”|right|10490{/movie}

У гасцях у “Гарачым каментары” старшыня ТБМ Алег Трусаў распавядае пра тое, як арганізацыя збіраецца выйсці з гэтай сітуацыі і нагадвае, што Таварыства цягам апошніх гадоў існуе толькі на складкі і ахвяраванні простых грамадзянаў.

ТБМ заклікае пералічваць ахвяраванні на рахунак арганізацыі: ГА “ТБМ імя Францішка Скарыны” №3015741233011 ў аддзяленні № 539 ААТ “Белінвестбанка”, код 739.

Таварыства беларускай мовы было заснаванае ў 1989 годзе. Цяпер у ім налічваецца каля 6 тысяч сяброў у Беларусі ды за яе межамі: у Літве, Польшчы, Расеі, Украіне, Латвіі, ЗША, Канадзе, Нямеччыне ды іншых краінах.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў