Заява Ярмошынай пра боршч шакавала камітэт ААН


Эксперты ААН прызналі ўзорам гендэрнага стэрэатыпу заўвагу Лідзіі Ярмошынай пра абавязак варыць боршч як долю беларускай жанчыны.

31 студзеня ў Менску прайшла прэсавая канферэнцыя па выніках прэзентацыі Альтэрнатыўнай справаздачы Рэспублікі Беларусь аб выкананні канвенцыі CEDAW (Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын).

Урады ўсіх краін – сябраў ААН, якія ратыфікавалі Жаночую канвенцыю, – абавязаныя кожныя чатыры гады падаваць у Камітэт CEDAW справаздачы пра выкананне пагаднення. Беларусь падала ў ААН сёмую справаздачу, якую разгледзелі ў студзені 2011 года на 48-й сесіі Камітэту CEDAW. Паралельна заслухалі Альтэрнатыўную справаздачу аб выкананні канвенцыі, што падрыхтавалі прадстаўнікі шэрагу няўрадавых арганізацыяў.

На апошнім брыфінгу прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў Беларусі найярчэйшаю ілюстрацыяй гендэрных стэрэатыпаў стала згаданая цытата з выступу кіраўніцы Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай пасля падзеяў 19 снежня. “Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах шнырылі”, – параіла яна тады ўдзельніцам маніфестацыі. “Але ж дагэтуль ніхто з чальцоў беларускага ўраду не паставіўся крытычна да гэтай фразы, – кажа праваабаронца Алена Танкачова. – Гэта сведчыць пра тое, што ўсе яны сапраўды так думаюць”.

belsat.eu

Стужка навінаў