На Гарадзеншчыне выявілі аграгарадкі-падробкі


Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) знайшоў парушэнні ў трох раёнах.

Паводле старшыні сектару аграрна-прамысловага комплексу Гарадзенскага дзяржкантролю Андрэя Сербіна, у вёсках Мастоўскага, Свіслацкага і Карэліцкага раёнаў паўставалі аграгарадкі, якія не адпавядалі гэтаму статусу. “Закрываліся школы, садкі. Якасць пабудовы новых дамоў была вельмі дрэнная. Не было аб’ектаў культурна-забаўляльнага характару. Паступалі скаргі на якасць пітной вады. Але нягледзячы на гэтыя праблемы, мясцовае кіраўніцтва аб’ядноўвала праблемныя вёскі ў аграгарадкі”, – адзначыў чыноўнік. Ён мяркуе, што на месцах не проста перастараліся, але спадзяваліся на грашовыя датацыі, якія выдаюцца на адраджэнне сяла. “Навідавоку выдаткоўванне грошай з дзяржбюджэту без уліку далейшага развіцця мясцовасці”, – дадаў спадар Сербін.

Хібы ў новых аграгарадках выявіліся дзякуючы планавым праверкам, а таксама скаргам мясцовага насельніцтва. У прэс-службе КДК паведамілі: “На сустрэчах з чыноўнікамі ведамства людзі часта скардзяцца наконт рэарганізацыі СПК і ўтварэння аграгарадкоў. Асноўныя прэтэнзіі насельніцтва выклікае якасць пабудаванага жытла для маладых адмыслоўцаў, адсутнасць поўнага спектру медычных паслугаў, а таксама дрэннае транспартнае злучэнне раённага гораду і аграгарадкоў”.

Паводле факту парушэнняў у Гродзенскім рэгіёне прайшлі праверкі. Як вынік, 36 асобаў пакараныя.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары