Лукашэнка хоча яшчэ адну АЭС. І крэдыт на яе


Гэткімі марамі кіраўнік краіны падзяліўся на сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэту.

«Калі б у мяне была магчымасць пачаць будаваць цяпер другую атамную станцыю, я б абавязкова пачаў яе будаваць. Але пакуль няма ні падрадчыка, ні грошай, ні той краіны, якая б выдзеліла крэдыт для будаўніцтва. А пляцоўка, увогуле ж, у нас ёсць», – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Думкі пра другую атамную энергастанцыю ў кіраўніка краіны з’явіліся год таму, калі на сустрэчы з генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амано Лукашэнка заявіў, што нягледзячы на трагедыю на Фукусіме і сусветную тэндэнцыю да адмовы ад мірнага атаму, Беларусь, як заўсёды, пойдзе сваім шляхам.

«Вы нікога не слухайце, што, маўляў, Чарнобыль, што нам гэтая станцыя не патрэбная і гэтак далей. Гэта ўсё праплочанае. Наша станцыя і расейская ў Калінінградзе – гэта костка ў горле Еўразвязу і краінаў Балтыі, – мяркуе Лукашэнка. – Яны ўжо спазніліся, у іх не атрымліваецца пабудаваць сваю станцыю, яны будуць нам ужо не канкурэнты і ім давядзецца купляць нашу і расейскую электраэнергію».

Паводле кіраўніка дзяржавы, ідзе канкурэнтная барацьба. «І яны нашую пятую калону мабілізавалі на тое, каб змагацца супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі», – падзяліўся Лукашэнка.

На гэта, заўважыў кіраўнік дзяржавы, у яго ёсць адказ. «Мы аточаныя ланцугом атамных электрастанцыяў. Калі зыходзіць з пытанняў бяспекі, то Чарнобыльская АЭС не на нашай жа была тэрыторыі, а хто сербануў гора больш за ўсіх? Мы. Мы ўжо жывем у гэтай небяспечнай зоне. Дык што, будзе лепш, калі вакол нас будуць будаваць станцыі, а мы будзем глядзець на чужыя ці мы сваю пабудуем?».



Паводле кіраўніка Беларусі, у Еўропе працягваецца будаўніцтва атамных электрастанцыяў. «Але яны не хочуць, каб мы пабудавалі сучасную АЭС і былі іхнымі канкурэнтамі. Больш за тое, яны ж страчваюць рынкі збыту сваёй прадукцыі. А калі танней энергія, то ў нас будуць і танней тавары. Ідзе канкурэнтная барацьба», – падкрэсліў ён.

Паводле Лукашэнкі, сёння пераважная частка насельніцтва падтрымлівае рашэнне наконт будаўніцтва АЭС. «Хутка вы пераканайцеся, што я прыняў правільнае рашэнне», – паабяцаў ён.

У.Ш., паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў