Польшча: Суд пакараў бізнесоўца Жукаўца 3 гадамі турмы і вялікім штрафам (адноўлена)


Андрэя Жукаўца прызналі вінаватым у махлярстве пры атрыманні крэдытаў у беларускіх банках на суму $ 700 тыс.

Як паведаміў «Белсату» кіраўнік ініцыятывы «Звяз для дэмакратыі ў Беларусі» Анатоль Міхнавец, бізнесовец збіраецца падaваць апеляцыю.

Цягам шматгадовага судовага працэсу даказалі безліч парушэнняў – «мёртвыя душы» ў якасці сведкаў абвінавачання, фальшаванне перакладаў дакументаў з Беларусі. Гэта не перашкодзіла суддзі Шчэнснаму Шыманьскаму (Szczęsny Szymański) прыняць дакументы, атрыманыя з нашай краіны, за «грунтоўныя доказы, якія заслугоўваюць даверу». Больш за тое – сам Шыманьскі ездзіў у Беларусь, дзе ў ягонай прысутнасці дапытвалі сведкаў. Паводле Анатоля Міхнаўца, польскі суддзя супрацоўнічаў з асобамі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу.

Цікавы і момант абвешчання прысуду – учора прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск пазбавіў Яраслава Говіна пасады міністра справядлівасці. Раней той абяцаў трымаць справу пад сваім асабістым кантролем. Да таго ж на гэтым тыдні ў Польшчы пачынаюцца травеньскія святы, і ўся краіна будзе адпачываць амаль тыдзень. У выпадку, калі і суд другой інстанцыі пакіне прысуд у моцы, Жукаўца могуць выслаць у Беларусь для адбыцця пакарання.

Прадпрымальнік Андрэй Жукавец у 1999 годзе з’ехаў з Беларусі, дзе на яго распачалі крымінальную справу, і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Былы маладафронтавец, ён фінансава падтрымліваў гэтую апазіцыйную моладзевую арганізацыю і таму лічыць пераслед палітычна матываваным.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў