У беларускім вестэрне перамаглі індзейцы


Дзікі Захад вядомы з фільмаў-вестэрнаў. А вось Дзікі Захад па-беларуску. Незвычайна, але магчыма. Аматараў жанру на ўсе сто пераканала ў гэтым радэа на Валожыншчыне.

Сапраўдная ж атмасфера скачак ці вестэрну пры жаданні магчымая і ў Беларусі. У гэтым пераканала імпрэза “Залатая шпора – 2013”, якая прайшла ў выходныя на Валожыншчыне. І прысутнасці гледачоў не трэба было там забяспечваць адміністрацыйнымі захадамі. Што, акрамя незвычайных уражанняў, атрымалі ўдзельнікі ды госці беларускага радэа?

МАКСІМ АБРАМЧУК, ВЫКЛАДЧЫК ГІСТОРЫІ:
“Нават тыя, хто ніколі не бачыў усяго гэтага жыўцом, і той, хто бачыў індзейцаў толькі ў амерыканскіх фільмах ці фільмах савецкіх часоў, гэтыя людзі будуць цікавіцца заўжды, калі ім будзем гэта дэманстраваць”.
{movie}Вестэрн на Валожыншчыне |right|10450{/movie}
Тым больш, што гэта – не толькі добрая забава, але і добры ўрок гісторыі амерыканскага кантыненту. Сёлетняе радэа – ужо шостае, але да клубу “Залатая шпора” не праводзіў іх ніхто.

ПАВЕЛ КАЛІНКОЎ, КЛУБ «ЗАЛАТАЯ ШПОРА»:
“У Беларусі такога ніколі не было. І калі людзі даведваюцца, што такое існуе: сапраўдныя індзейцы, класна зробленыя, вышытыя бісерам, існуюць сапраўдныя кавалерысты (сёмы кавалерыйскі полк), людзі хочуць гэта пабачыць, дакрануцца”.

Удзельнікаў і наведнікаў не спужала не надта добрае надвор’е. І кожны змог знайсці штосьці для сябе: скачкі, кантры-танцы, выступы і конкурсы.

НАВЕДНІК РАДЭА:
“Цяга, блізкасць да дрэва, зямлі, паветра, прыроды – яны закладзеныя ў беларусах. І гэтае ж можна сказаць не пра ўрбанізаваных, а пра тэхаскіх амерыканцаў. Хіба так дзесьці паралель можна правесці”.

Хіба што і можна. Хоць арганізатары крыху змянілі бег сапраўднае гісторыі.

МАКСІМ АБРАМЧУК, ВЫКЛАДЧЫК ГІСТОРЫІ:
“Мы зрабілі крыху няправільную гісторыю, бо індзейцы перамаглі. Насамрэч усё адбывалася зусім інакш. Такая вось атрымалася нашая бойка. І я вельмі рады, што індзейцы перамаглі”.

А наведнікі радыя, што і ў Беларусі можна пабачыць ды адчуць Дзікі Захад. Ну – як ці амаль як у сапраўдным вестэрне.

Сяргей Падсасонны, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў