Французы навучаць смартфоны распазнаваць беларускія рукапісы


Французская фірма «Vision objects SA», што займаецца распрацоўкаю праграмаў для лічбавага распазнавання і счытвання рукапіснага тэксту, зацікавілася беларускаю моваю.

Беларусаў, якія ўмеюць пісаць па-беларуску, запрашаюць ўзяць удзел у адмысловым даследаванні.

Фірма наўмысна робіць праграмы, што могуць распазнаваць на планшэтах і смартфонах рукапісны тэкст рэдкіх еўрапейскіх моваў, на якіх размаўляе невялікая колькасць людзей. Пра гэта распавяла Алена Анісім, філолаг, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы, якая дапамагае французам у рэалізацыі праекту.

Беларуская мова таму і зацікавіла французскіх даследчыкаў, што яна рэдкая і не вельмі распаўсюджаная нават у самой Беларусі, мяркуе Алена Анісім. Да таго ж, ЮНЭСКА ўнесла яе ў адмысловы «спіс моваў у небяспецы», пакуль што з самаю нізкаю ступенню рызыкі (усяго іх 5, у тым ліку – мёртвыя).

На думку старшыні ТБМ Алега Трусава, праца французаў дазволіць захаваць і перадаць нашчадкам узоры рукапіснага пісьма, што вельмі важна, бо «і мовы знікаюць, і людзі цяпер усё менш ад рукі пішуць, усё больш на кампутары». А дзякуючы фірме ў адмысловыя базы звестак трапляюць рукапісныя знакі моваў, якім пагражае знікненне.

«Нас вельмі радуе гэтая ініцыятыва. Для нас гэта таксама вельмі важна – каб нашая мова даследавалася, была ў базе дадзеных еўрапейскіх моваў, і выкарыстоўвалася ў сучасных лічбавых тэхналогіях», – адзначае спадарыня Алена.

Праца будзе праходзіць у 3 этапы ў наступныя дні:

7 траўня 13:00 – 13:30; 13:30 – 14:00; 17:00 – 17:30; 17:30 – 18:00.

8 траўня 13:00 – 13:30; 13:30 – 14:00; 15:00 – 15:30; 15:30 – 16:00.

9 траўня 11:00 – 11:30; 11:30 – 12:00; 12:00 – 12:30; 12:30 – 13:00; 13:00 – 13:30; 13:30 – 14:00; 14:00 – 14:30; 14:30 – 15:00.

Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца ўсе ахвочыя. Патрабаванні французскага боку: узрост 18–65 гадоў і ўменне пісаць па-беларуску. У 18 гадоў чалавек ужо мае сфармаваны почырк, а 65 гадоў – мяжа працаздольнага ўзросту ў еўрапейскіх краінах. А пісаць па-беларуску трэба ўмець таму, што калі чалавек ніколі не карыстаўся рукапіснаю моваю, паводле французскіх навукоўцаў, можа адмоўна паўплываць на чысціню даследавання.

Удзельнікам раздадуць адмысловыя анкеты, дзе ім трэба будзе ад рукі напісаць пэўныя словы, літары, сімвалы, знакі прыпынку. Запаўняць анкету, паводле Алены Анісім, можна будзе як звычайнаю асадкаю на паперы, гэтак і стылусам на планшэце, якія выдадуць навукоўцы.

Як паведамляе сайт ТБМ, для ўдзелу трэба звяртацца на электронны адрас siadziba@gmail.com з пазначэннем «праект» да 3 траўня. У лісце ўказаць сваё імя, прозвішча, зручны час удзелу. У абраны дзень і час удзельнікаў будуць чакаць на адрасе: вул. Румянцава 13, г. Менск.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў