Беларускі досвед у расследаванні расейскай «справы Балотнай»


Каб расследаваць, што адбылося ў Маскве год таму на дэманстрацыі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, стварылі адмысловую міжнародную камісію. У яе ўвайшлі гэткія аўтарытэтныя грамадскія арганізацыі, як «Amnesty International», «Human Rights Watch», «Міжнародная федэрацыя за правы чалавека» ды іншыя.

Унутры Расеі на «справу Балотнай» ёсць дзве процілеглых кропкі гледжання. Камісія мае на мэце даць незалежную ацэнку таму, што адбылося. Гэткім чынам ужо ацэньвалася беларуская дэманстрацыя пратэсту 2010 года.

{movie}Шэсце апазіцыі ў Маскве (Архіў) |right|10436{/movie}

«Падзеі 19 снежня аналізаваліся адмыслова прызначым спецдакладчыкам пад эгідаю Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. І механізм, які будзе ўжывацца ў дачыненні падзеяў 6 траўня, будзе абапірацца на той досвед, бо найбольш набліжаны паводле часу да расейскіх падзеяў», – тлумачыць Дзмітры Макараў, прадстаўнік сакратарыяту Камісіі.

Да таго ж задзейнічалі і вялікую частку каманды, якая ацэньвала беларускую сітуацыю.

Праваахоўныя органы Расеі лічаць, што падчас мітынгу былі ўчыненыя масавыя закалоты, і з гэтай прычыны абвінавацілі ўжо тры дзясяткі асобаў. Аднак ёсць шмат нязгодных з гэтаю пазіцыяй. Ужо правялі грамадскае расследаванне ўнутры Расеі, якое прыйшло да высновы, што масавых закалотаў не было. Матэрыялы гэтага расследавання скіравалі ў Генеральную пракуратуру РФ.

Міжнародная Камісія да 6 траўня прааналізуе доказы, пададзеныя дзяржаўным абвінавачаннем, афіцыйныя заявы службоўцаў ды інфармацыю грамадскіх расследаванняў, назіранні журналістаў і сведкаў падзеяў, фота- і відэаматэрыялы.

Вынікі працы Міжнароднай экспертнай камісіі таксама скіруюць у дзяржаўныя органы Расеі, як гэта было і ў выпадку з Беларуссю, на іх будуць абапірацца ў фармаванні свайго стаўлення да сітуацыі міжнародныя інстытуты – АБСЕ, Еўрапарламент і Савет Еўропы.

АР, belsat.eu

Стужка навінаў