У Берасці дазволілі апазіцыйны першамай


Берасцейскі гарвыканкам дазволіў правесці першамайскую дэманстрацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Апазіцыянеры кажуць, што мясцовыя ўлады ўпершыню за многія гады дазволілі акцыю.

Кіраўнік Берасцейскай гарадской арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі кажа, што падаючы заяўку на дэманстрацыю, ён сумняваўся, што яе задаволяць. Таму, атрымаўшы дазвол, ён быў здзіўлены, але і ўсцешаны. «Нарэшце ўлады дазволілі нашую акцыю. Упершыню за многія гады мы можам зрэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на мірнае масавае мерапрыемства. Таму, мы, вядома ж, задаволеныя з гэтага рашэння. Мы заклікаем улады часцей дазваляць і іншыя акцыі дэмакратычнай супольнасці ў Берасці».

Час і маршрут дэманстрацыі:

Збор удзельнікаў дэманстрацыі прызначаны на скрыжаванні пр-ту Машэрава і бул. Касманаўтаў (каля крамы «Электрасіла») з 10:30 да 11:00.

З 11:00 да 12:00 – шэсце да плошчы Леніна.

З 12:00 да 14:00 – гулянні ў Парку ім. 1 мая.

Дэманстрацыя пачнецца а 11 гадзіне 1 траўня ў цэнтры Берасця.

Як распавёў Ігар Маслоўскі, цяпер ён займаецца заключэннем дамоваў з міліцыяй, камунальнікамі ды медыкамі на абслугоўванне акцыі, як таго патрабуе гарвыканкам.

Аб далучэнні да дэманстрацыі сацыял-дэмакратаў адразу ж заявілі большасць асноўных палітычных і незалежных прафсаюзных сілаў Берасця – Аб’яднаная грамадзянская партыя, партыя левых «Справядлівы свет», Партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду», Свабодны прафсаюз Беларускі ды Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці.

Кіраўніцтва абласной арганізацыі Партыі БНФ заклікала сваіх прыхільнікаў прыходзіць з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў