Сурыкаў: Фокус з «разбаўляльнікамі» больш не пройдзе


Прагалы ў заканадаўстве, якія дазвалялі ў 2012 годзе ажыццяўляць «разбаўляльныя схемы», – зліквідаваныя. Пра гэта заявіў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Ён удакладніў, што ўрэгуляванне пытання кампенсацыі стратаў расейскага бюджэту, выкліканых існаваннем гэткіх схемаў, – у кампетэнцыі кіраўніцтва Беларусі ды Расеі.

«Нам важна было закрыць пралаз у заканадаўстве, які дазваляў ажыццяўляць вядомыя разбаўляльныя схемы. І гэта зрабілі – са згоды казахстанскага, беларускага і расейскага бакоў», – падкрэсліў Сурыкаў.

Менск – «на кароткім павадку»

Пры гэтым ён растлумачыў, што з прычыны магчымага аднаўлення разбаўляльных схемаў паліўны баланс у 2013 годзе падпісваецца паквартальна.

«Чаму баланс сёлета падпісваецца толькі на квартал? Мы памятаем тэму экспарту нейкіх разбаўляльнікаў, пра што шмат гаварылася летась. Яна ўзнікла з ініцыятывы бізнесу і з’явілася праз прагалы ў заканадаўстве Мытнага саюзу. Мы не маглі ўзгадніць аб’ёмаў экспарту расейскай нафты ў Беларусь на год, бо прагалы ў заканадаўстве патрабавалі ліквідацыі, і на гэта спатрэбіўся пэўны час», – зазначыў Сурыкаў.

Толькі ў красавіку 2013 года, удакладніў ён, зліквідавалі прагалы ў заканадаўстве ў гэтым пытанні.

«На першы квартал мы ўзгаднілі аб’ём экспарту нафты пры ўмове невыкарыстання гэтых схемаў, якія яшчэ маглі аднавіцца. Цягам другога квартала будзе абмяркоўвацца падпісанне балансу на другую палову года», – паведаміў Сурыкаў.

Паміж Беларуссю і Расеяй дзейнічае пагадненне, якое рэгламентуе механізм збірання экспартавых пошлінаў на нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі Беларусі. Дакумент прадугледжвае, што Беларусь цалкам пералічвае ў расейскі бюджэт экспартавыя мыты на нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты і экспартаваныя за межы Мытнага саюзу. Аднак да апошняга часу разбаўляльнікі не ўваходзілі ў пералік тавараў, пры экспарце якіх Беларусь мусіць пералічваць мыты ў расейскі бюджэт. На думку назіральнікаў, гэтая акалічнасць выклікала рэзкае павелічэнне экспарту Беларуссю названай прадукцыі.

МЛ, Дзмітрый Заяц, БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары