Гарадзенка бярэ ўдзел у польскім конкурсе прыгажосці


21-гадовая Вікторыя Лагонда пазмагаецца за тытул самай прыгожай жыхаркі Падляскага ваяводства.

Дзяўчына прыехала ў Беласток з Беларусі 5 гадоў таму вывучаць эканоміку. Упершыню на конкурс прыгажосці гарадзенка трапіла падчас студэнцкага свята “Ювеналіі”. За плячыма дзяўчыны таксама – 4-е месца ў прэстыжных спаборніцтвах “Міс Палонія”.

Безумоўна, я мару заняць прызавое месца, – кажа Вікторыя Лагонда. – Але кар’ера мадэлі нядоўгая. Я хачу працягнуць вучобу ў дактарантуры і яшчэ паспрабаваць паступіць на стаматолага. Мая мама заўжды ўгаворвала мяне вучыцца на доктара”.

Вікторыя скончыла гімназію імя Яўхіма Карскага ў Горадні. Дзяўчына расказвае, што з дзяцінства яе выхоўвалі ў польскіх традыцыях: “Я адчуваю сябе полькаю. Мая бабуля дома размаўляе толькі па-польску, – распавядае Вікторыя. – У Беластоку мне вельмі ўтульна. Блізка да дому, бацькі часта прыязджаюць”.

Вікторыя – не першая грамадзянка Беларусі, якая бярэ ўдзел у польскіх конкурсах прыгажосці, аднак раней ніхто з іх не займаў прызавых месцаў, падкрэсліла адна з галоўных арганізатарак “Міс Падляшша” Эльжбета Ліханаў.

“Увогуле такія конкурсы вельмі папулярныя ў Польшчы, – адзначыла спадарыня Ліханаў. – Самыя прэстыжныя – “Міс Польшча” і “Міс Палонія”. Пераможцы рэгіянальных конкурсаў прыгажосці паедуць удзельнічаць у “Міс Польшчы”.

Фінал “Міс Падляшша” адбудзецца 16 траўня ў драматычным тэатры ў Беластоку. Конкурс зарганізоўваюць школа танцаў “Zaza” супольна з салонам “Lange&Rudnicka”.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў