А як выглядаў афіцыйны чарнобыльскі мітынг? (Фота)


Аркестр, людзі ў форме, чырвона-зялёны сцяг і бел-чырвона-белы кошык – гэтак выглядала ў Менску афіцыйная цырымонія, прысвечаная гадавіне катастрофы на ЧАЭС.

У мітынгу ўзялі ўдзел ліквідатары аварыі, работнікі МНС, юныя ратавальнікі-пажарнікі. Акцыя традыцыйна прайшла на вуліцы Васіля Ігнаценкі, беларуса, які, працуючы на ЧАЭС, адным з першым падлучыўся да ліквідацыі наступстваў ад выбуху рэактару. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савету СССР ад 24 снежня 1986 года “За мужныя і самаадданыя дзеянні, праяўленыя пры ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС і знішчэнні яе наступстваў” Васіля Ігнаценку пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. У Менску і Брагіне ягоным імем назвалі вуліцы, на ягонай радзіме, у Брагіне, у ягоны гонар паставілі помнік.

Як і большасць афіцыйных цырымоніяў, сёлетні мітынг адбываўся ў даволі скаванай атмасферы: як на парадзе, прайшоў вайсковы аркестр, па струнцы стаялі пашыхтаваныя ў шэрагі юныя ратавальнікі-пажарнікі, высока ўгару выцягвалі шыі прадстаўнікі ганаровай варты. Да памятнай табліцы ліквідатару-земляку акрамя традыцыйных гваздзікоў усклалі кошык з кветкамі ў нацыянальных колерах.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў