Уладзімір Падгол у «Гарачым каментары»


Санкцыі Еўразвязу – падарунак для Лукашэнкі

Палітычны аглядальнік каментуе рашэнне пра ўвядзенне санкцыяў, прынятае Радаю міністраў Еўразвязу: “Прапаганда Лукашэнкі цяпер, як і раней, можа казаць, што Еўропа ўвяла санкцыі, таму жыццё пагоршылася. Прапагандысты Лукашэнкі будуць пераводзіць палітычныя санкцыі для гледачоў у эканамічныя і рабіць ворага з Еўразвязу: вось вораг, і з-за яго мы сталі жыць горш”.

Візавыя ж абмежаванні Уладзімір Падгол не лічыць чымсьці надта непрыемным для беларускіх чыноўнікаў. З рэшты і сам Лукашэнка, прэзентуючы новага прэм’ер-міністра, кпіў з тады яшчэ толькі планаваных візавых санкцыяў: “Я з імі ўжо дзесяць гадоў жыву, ну і што?”

Да таго ж, аглядальнік сумняееца ў тым, што ўсе краіны Еўразвязу ўвядуць бясплатныя візы для простых беларусаў. “Рэч у тым, што грошы, якія атрымлівае кансулат любой краіны, у тым ліку і Беларусі, з візаў, ідуць на заробкі працаўнікам кансулату. Такім чынам, выдаючы бясплатныя візы, дзяржава мусіла б даплачваць працаўнікам кансулату. Гэта вялікі мінус у бюджэты краінаў Еўразвязу”, – кажа эксперт.

Еўразвяз таксама прыняў рашэнне павялічыць дапамогу незалежным медыям і недзяржаўным арганізацыям Беларусі. Уладзімір Падгол вельмі крытычна ставіцца да таго, як такое падтрыманне будзе выкарыстанае. “Практычна ўся дапамога да гэтае пары, за рэдкім выключэннем, была марнатраўствам. Бо гэтая дапамога мае быць скіраваная на работу з працоўнымі, са студэнтамі, з масамі. Практычна ніхто з лідараў апазіцыі сістэматычна не працаваў з буйнымі калектывамі, з заводамі, са студэнтамі. Такім чынам, калі гэта ўсё захаваецца, можна ў тысячы разоў павялічыць дапамогу – вынік будзе той жа самы”, – упэўнены палітычны аглядальнік.

Belsat.eu

Стужка навінаў