Трагедыя ў псіхлякарні пад Масквою: у пажары загінулі 38 асобаў


Пры разборы завалаў знайшлі падкоп, які вёў з корпусу для хворых, якія ўяўляюць пагрозу. Не выключана, што хтосьці з пацыентаў пры капанні тунэлю выкарыстаў адкрыты агонь, які і мог стаць прычынаю пажару. Паводле папярэдніх звестак, загаранне адбылося праз кароткае замыканне.



Пажар у падмаскоўным паселішчы Раменскае пачаўся ўначы з 25 на 26 красавіка каля паловы на трэцюю паводле мясцовага часу. Агмень месціўся ў 6-м корпусе псіхіятрычнай лякарні, дзе ўтрымлівалі хворых асаблівага рэжыму. Сярод загінулых – 2 працаўнікі і 36 пацыентаў.

Як паведамляе МНС, да моманту прыбыцця пажарных будынак памерамі 35 х 12 м гарэў па ўсёй плошчы. Цяпер пажар патушаны.

Будынак клінікі ў Раменскім размешчаны на агароджанай тэрыторыі. Цяпер месца застаецца ў густым дыме, што замінае шукаць загінулых.

Паводле аднаго з ратаўнікоў, усе вокны згарэлай больніцы былі закратаваныя. Большасць загінулых знойдзеныя ў ложках. Хворыя былі пад уздзеяннем лекавых прэпаратаў і моцна спалі. Улічваючы хуткае распаўсюджванне агню, яны маглі нават не паспець прачнуцца.

МНС апублікавала поўны спіс пацыентаў і персаналу згарэлай установы. На момант загарання ў будынку была 41 асоба, аднак выбрацца з агню ўдалося толькі траім. Як стала вядома пазней, у будынку спрацавала пажарная сігналізацыя. Медсястра Вікторыя Волкава выйшла ў калідор, убачыла агонь і паспрабавала патушыць сама, але не дала рады. Ёй удалося вывесці з будынку толькі двух пацыентаў, 1945 і 1987 года нараджэння.

Да гэтага часу выявілі 12 целаў. Лёс яшчэ 26 асобаў застаецца невядомы.

МЯ., belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі, m24.ru

Стужка навінаў