Беларусь і Расея: “Элегантныя” перамогі, “элегантныя” судовыя працэсы


У “Гарачым каментары” вядомы расейскі тэлежурналіст Павал Селін разважае пра падабенствы і нешматлікія адрозненні сітуацыяў у Беларусі i Расеі.



Сёння стаў вядомы першы вырак у гэтак званай “балотнай справе”.За арганізацыю масавых закалотаў на Балотнай плошчы летась у Маскве расейскі апазіцыянер Канстанцін Лебедзеў атрымаў 2,5 году калоніі.

Гэта тэрмін, меншы за прадугледжаны ў заканадаўстве. Маскоўскі суд патлумачыў такое рашэнне супрацаю Лебедзева са следствам. Пры гэтым ягоныя былыя паплечнікі ды іншыя апазіцыйныя лідары назвалі гэткі ўчынак здрадаю і абвінавацілі Лебедзева ў агаворванні іншых фігурантаў “Балотнай справы”. Агулам за масавыя пратэсты летась у траўні на лаве падсудных застаюцца больш за 20 чалавек. Год таму ў Маскве звыш ста тысячаў узялі ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць дзейных уладаў. Пераслед арганізатараў акцыі палітычна матываваны, бо сам факт масавых закалотаў не быў даказаны – заяўляюць праваабаронцы.

{movie}Павал Селін у “Гарачым каментары”|right|10382{/movie}

Яшчэ перад “Балотнаю справаю”, Паўла Селіна звольнілі з НТВ. Паводле госця “Гарачага каментара”, сітуацыя ў Расеі імкліва набліжаецца да беларускай. Як і 19 снежня ў Менску, на Балотнай плошчы таксама гаспадарылі “касманаўты”, а бойкі, хутчэй за ўсё, былі справакаваныя.



“Вось кадры з Балотнай можна вельмі лёгка пераблытаць з 19 снежня ў Беларусі – вельмі падобная сітуацыя. Цяпер гэтых 20 чалавек вінавацяць у арганізацыі ды ўва ўдзеле ў масавых беспарадках. І гэта асноўнае падабенства ў расейскай ды беларускай сітуацыі. Што тычыцца Лебедзева, то цяжка сказаць, як гэта ўсё адбывалася: ці былі катаванні ў турме, ці збівалі яго, ці запалохвалі. У нас ёсць факт: чалавек пайшоў на супрацу са следствам, хутчэй за ўсё, здаў нейкую інфармацыю і, хутчэй за ўсё, разлічваў на ўмоўны тэрмін – і ў выніку, нягледзячы на гэта, атрымаў рэальныя два з паловаю гады”,
– разважае Павел Селін.

Паводле журналіста, гэта выразны сігнал для тых, хто не выказвае жадання супрацоўнічаць са следствам. Маўляў, калі Лебедзеў атрымаў пакаранне менш за прадугледжанае артыкулам, то вы можаце сесці на значна даўжэйшы тэрмін. Таксама не складана прасачыць аналогіі і з беларускімі працэсамі пасля 19 снежня. Хоць ніхто з айчынных апазіцыянераў на адкрытую супрацу са следствам не пайшоў, аднак напісанне прашэння аб памілаванні,ёсць галоўнаю ўмовай вызвалення палітвязня. Гэта не перашкаджае беларускім апанентам уладаў шукаць здраднікаў і вінаватых у сваіх шэрагах. Як будзе ў Расеі?

“Тут два вельмі істотныя фактары. Першы – суды над удзельнікамі Балотнай плошчы: ужо ёсць рэальныя выракі. Другі – тое, што адбываецца з Навальным. Мне падаецца, што суд над ім – паказальны для звычайных апазіцыянераў. Маўляў, паглядзіце, што з вамі будзе”, – мяркуе журналіст.

Гэтак жа ў 2003 годзе працэс над Міхаілам Хадаркоўскім быў празрыстым намёкам іншым бізнесоўцам – што будзе, калі тыя не захочуць дзяліцца. Тады такая стратэгія падзеяла.

А што грамадства? Паводле Паўла Селіна, нават гэтыя сто тысячаў, што выйшлі на Балотную плошчу, – гэта нішто ў параўнанні з адною толькі расейскаю сталіцаю. Расейскае грамадства не менш апалітычнае і запалоханае за беларускае.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў