Прывітанне з зараджанай зоны: З дымам у неба ляцяць радыенукліды (Фота)


На полі, дзе раскладаюць вясновыя вогнішчы, радыяцыйны фон роўны 60 мікрарэнтгенам за гадзіну. Гэты паказнік лічыцца небяспечным, а мясцовых жыхароў неабходна адсяліць.

Салому паліць аграпрадпрыемства “КСУП імя Жукава” на мяжы Брагінскага і Хойніцкага раёнаў Гомельскай вобласці – радыенукліды з дымам падымаюцца ў атмасферу і разносяцца на вялікія адлегласці. Пажары на забруджаных тэрыторыях больш небяспечныя, бо з дымам радыенукліды трапляюць у дыхальныя шляхі чалавека.



Мяжа Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніку, дзе месцяцца 96 пакінутых паселішчаў, ляжыць за кіламетр ад палёў, на якіх паляць салому. І калі ў зоне запаведніку любое загаранне старанна кантралюецца, то па-за яго тэрыторыяй да гэтага нікому няма справы.

Начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторыяў Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Дзмітрый Паўлаў пацвердзіў небяспеку пажараў на забруджанай тэрыторыі. “Акрамя нанясення шкоды прыроднаму комплексу ёсць вялікая імавернасць пераносу радыенуклідаў з дымам, – сказаў ён. – Па загараннях на палях будуць прынятыя адпаведныя захады, са спецыялістамі на падкантрольных тэрыторыях будзе праведзены разбор”.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў