1000 подпісаў супраць платнай медыцыны ў Баранавічах


Сябры берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) накіравалі ў Баранавіцкі гарвыканкам і Берасцейскі аблвыканкам больш за тысячу подпісаў супраць увядзення платнай медыцыны.

Як распавёў кіраўнік абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі, партыйцы заўважылі абурэнне грамадзянаў выказваннем старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Віктара Дзічкоўскага, у якім апошні аргументаваў неабходнасць увядзення аплаты за наведанне паліклінік. Пра гэтае выказванне пісала мясцовая незалежная газета “Intex-press”.

У прыватнасці Віктар Дзічкоўскі сказаў: “У нас у горадзе больш за 2 млн наведанняў паліклінік. Уяўляеце?! 2 млн – гэта што такое? Трэба ўводзіць 5 тыс. за наведанне паліклінікі адназначна. І чэргаў не будзе, і нагрузка на дактароў знізіцца, і ўвага пацыентам будзе большая. Можна зрабіць 10 наведанняў платнымі, а 11-ае – бескаштоўна! Цяпер жа што такое 50 тыс.?! Хлеб, малако, дый тое не на ўсё хопіць…”.

Спадар Дзічкоўскі выказаўся і за платнае лячэнне ў больніцах: “За бялізну, за харчаванне… Паставіць 20 тыс. за дзень. А то абураюцца бясплатным харчаваннем нават да пракуратуры, маўляў, дрэнна кормяць, крадуць. Я быў у лякарні – нармальнае дыетычнае харчаванне”.

Гэтыя прапановы пра “рэформу” баранавіцкай медыцыны старшыня гарвыканкаму зрабіў яшчэ 21 снежня падчас абмеркавання праекту бюджэту на 2013 год. Пакуль прапановы кіраўніка баранавіцкай вертыкалі нерэалізаваныя, але яны выклікалі хвалю грамадскага пратэсту.

Як распавёў кіраўнік БСДП(Г) па Берасцейшчыне Ігар Маслоўскі, актывісты партыі вельмі лёгка за 3 месяцы сабралі больш за 1 тыс. подпісаў супраць платнай медыцыны: “Мы склалі зварот да ўладаў з пратэстам супраць такой ініцыятывы. Зварот гэты данеслі да грамадзянаў, і яны адразу ж адгукнуліся – да нас самі прыходзілі людзі ў офіс і падпісваліся супраць ідэі ўвядзення аплаты за медычныя паслугі”.

Сацыял-дэмакраты ў сваім звароце патрабуюць уладаў даць адказ на пытанні “на падставе якога артыкулу Канстытуцыі або заканадаўства старшыня Баранавіцкага гарвыканкаму абгрунтоўвае ўвядзенне платнага наведвання паліклінік, а таксама платнага харчавання і абслугоўвання ў лякарнях”.

Таксама грамадскасць хоча ведаць, “на падставе якіх заключэнняў, экспертных ацэнак, старшыня гарвыканкаму пастанавіў, што падчас увядзення аплаты за наведанне паліклінік, “чэргаў не будзе”.

Зварот да ўладаў накіравалі абласной арганізацыяй БСДП(Г) паводле кампаніі “За бясплатную медыцыну”, у межах якой яшчэ плануецца ладзіць сустрэчы з людзьмі, круглыя сталы ды семінары.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў