Валер Булгакаў: шанцы на аднаўлення дзейнасці “ARCHE” невялікія


Легендарны часопіс “ARCHE. Пачатак” усцяж пад рэальнаю пагрозаю знікнення. Міністэрства інфармацыі чарговы раз адмовілася ўнесці змены ў звесткі пра рэгістрацыю выдання.

Паводле намесніка міністра Уладзміра Матусевіча, рэдакцыя нібыта не ўказала інфармацыі аб перапрызначэнні галоўным рэдактарам “ARCHE” Валера Булгакава. Летась у верасні Дэпартамент фінансавых расследаванняў забраў з рэдакцыі ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці выдання, а праз месяц улады сканфіскавалі больш за 5 тысяч асобнікаў кніг з асабістай калекцыі Булгакава. Апошні ў выніку прыняў рашэнне пакінуць Беларусь і скласці з сябе функцыі галоўнага рэдактара.

{movie}Валер Булгакаў у “Гарачым каментары”|right|10361{/movie}

Валер Булгакаў мяркуе, што шанцы на аднаўленне “ARCHE” вельмі малыя. Хутчэй за ўсё, часопіс у выглядзе штомесячніка перастане існаваць. Пасля арышту рахунку выдання летась 3 кастрычніка адзінаю магчымасцю працягваць дзейнасць было стварэнне новай фірмы і рэгістрацыя яе ў Міністэрстве інфармацыі ў якасці новага выдаўца часопісу. Міністэрства інфармацыі адмовіла ўжо чатыры разы. Пададзеная чарговая заяўка, але калі да 28 чэрвеня не выйдзе новага нумару, “ARCHE” страціць рэгістрацыю як сродак масавай інфармацыі.

“Адна з адмоваў палягала ў тым, што дакументы занёс выканальнік абавязкаў галоўнага рэдактара, а не дырэктар фірмы, якая з’яўляецца выдаўцом часопісу “ARCHE”, і Міністэрства інфармацыі на гэтай падставе адмовіла. Тут трэба асобна сказаць пра апошнюю адмову. Яна была вынесеная на падставе таго, што ў дакуменце фармуляру, які запаўняецца на патрабаванне Міністэрства інфармацыі, у нейкім месцы быў дапушчаны пропуск. І гэтага хапіла, каб нам адмовіць”, – распавядае Валер Булгакаў.

Штомесячнік “ARCHE” выдаецца з 1998 года. Смутныя прыгоды з уладамі пачаліся яшчэ ў 2009 годзе, калі суд Маскоўскага раёну Берасця прызнаў сёмы і восьмы нумары часопісу “экстрэмісцкімі”.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў