Уключы выключнасць! Фестываль беларускамоўнай рэкламы «AD.NAK»


«Уключы выключнасць!» – дэвіз сёлетняга фестывалю.



Ніна Шыдлоўская фота belsat.euНіна Шыдлоўская фота belsat.eu«Нашая краіна, Беларусь – выключная, адметная. Але гэтая адметнасць покуль на нашую нацыю не працуе. Таму мы і заклікаем праз фестываль заўважыць і паказаць, уключыць нашую выключнасць» – тлумачыць Ніна Шыдлоўская, каардынатарка культурніцкай кампаніі«Будзьма беларусамі!»

Арганізатары імкнуцца заахвоціць найперш маладых людзей шукаць творчую і прафесійную рэалізацыю ў пашырэнні беларускай культуры ды мовы праз рэкламу.

Джузэпэ Боска (Giuseppe Bosco), прадстаўнік аддзелу культуры амбасады Італіі ў Беларусі, звяртае ўвагу, што рэклама не толькі спрыяе гандлю, але мае высокую культурную каштоўнасць. Яна люстэрка грамадства, у якім бачныя яго ідэі ды мова.

{movie}Рэклама ад “Velcom”. “Час упэўненых”|right|10359{/movie}

Масавыя вытворцы рэкламы пазбягаюць беларускай мовы, бо баяцца, што большасць яе не вельмі добра разумее, і таму такая рэклама не трапіць да спажыўца. Але спадар Сяргей Флазаповіч, творчы дырэктар групы кампаніяў «TDI Group», мяркуе, што гэта – стэрэатып, рэклама на беларускай мове не толькі зразумелая для беларусаў, але і больш прывабная. «Беларускамоўныя праекты – гэта заўсёды «перліны» ў агульнай плыні рэкламы. Рэклама на беларускай мове заўважная, нават калі яна недасканалая тэхнічна. Беларуская мова – тая разынка, што вылучае».

Першы фестываль «AD.NAK!» быў праведзены ў 2010 г. Ідэя належыць грамадскай арганізацыі «Будзьма беларусамі» ды інтэрнэт-рэсурсу «Marketing.by». Летась на імпрэзе прэзентавалі 310 працаў ад больш як 100 удзельнікаў.

Тым ня менш попыт на беларускамоўную рэкламу стала расце. У 2012 г. 55,6 % беларусаў хацелі бачыць родную мову ў рэкламе. А рабіць беларускамоўную рэкламу сёння – выгадна, бо ў спажыўцоў рэклама на беларускай мове асацыюецца з моцнымі брэндамі, адразу выклікае давер да вытворцы ды тавару. Бо першымі на беларускі рынак з беларускамоўнаю рэкламаю выйшлі вядомыя і моцныя міжнародныя брэнды: «Samsung», «Velcom».

Ахвотныя паўдзельнічаць у фестывалі могуць падаваць свае працы з 25 красавіка да 3 чэрвеня. Традыцыйна сярод намінацыяў прысутнічае і антыпрэмія «Каша сувораўская», прызначаная не для вытворцаў рэкламы, а для яе спажыўцоў. Сюды прымаюцца прыклады рэкламы, якія, паводле Ніны Шыдлоўскай, «наносяць шкоду беларускай традыцыі, ігнаруюць айчынную культуру і гісторыю».

Вынікі фестывалю будуць падведзеныя 27 чэрвеня. У адукацыйнай праграме ўпершыню ў гісторыі фестывалю возьмуць удзел замежныя госці. З майстар-класамі выступяць рэкламныя адмыслоўцы: італьянец Алесандра Сабіні (Alessandro Sabini) і японец Канта Шымізу (Qanta Shimіzu).

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў