Актывістку БХД вінавацяць у тым, што яна кепская маці


Алена Давідовіч з Мастоў атрымала папярэджанне камісіі ў справах няпоўнагадовых.

Як распавяла “Белсату” Алена Давідовіч, на паседжанне камісіі разам з ёй прыйшла сацыяльны педагог дзіцячага садка, які наведвае дачка актывісткі. Педагог прынесла акты правярання ўмоваў утрымання дзяцей, аднак паперы не спатрэбіліся: “Калі мы прыйшлі на паседжанне, пастанова ўжо была гатовая”, – гаворыць Алена Давідовіч.

За “неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў” Алене Давідовіч 28 студзеня вынеслі папярэджанне. Ёй давядзецца прайсці прафілактычныя размовы з педыятрам і педагогам з сацыяльнага прытулку.

Падставаю для склікання камісіі сталася ананімная скарга, якую нібыта напісалі суседзі яшчэ 16 снежня. Алена Давідовіч упэўненая, што разбіральніцтва ініцыявала супрацоўніца міліцыі з выбарчага участку, дзе Алена была назіральніцаю. “Яна пачула маю размову са старшынём выбарчай камісіі, які мяне даўно ведае. Ён пацікавіўся, з кім засталіся мае малыя дзеці, а міліцыянтка нечакана ўклінілася ў размову, маўляў, з гэтым трэба разабрацца”, – распавяла Алена Давідовіч. Жанчына гаворыць, што спачатку не надала гэтаму ўвагі, аднак 27 снежня да яе ў хату нечакана наведалася інспектарка з камісіі ў справах малалетніх.

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што папярэджанне – вельмі сур’ёзны сігнал: “Гэта рэальная пагроза, што камісія можа распачаць афармленне дакументаў на пазбаўленне бацькоўскіх правоў”. Праваабаронца гаворыць, што Алене Давідовіч неадкладна трэба аспрэчыць у судзе вынесенае ёй папярэджанне.

Актывістка адна выхоўвае пяцігадовую дачку і аднагадовага сына. Прэтэнзіі з боку камісіі яна звязвае са сваёй палітычнаю дзейнасцю. Падчас выбараў жанчына не толькі была назіральніцаю, але і ўдзельнічала ў агітацыйнай кампаніі Віталя Рымашэўскага.

belsat.eu

Стужка навінаў