Як палітвязні пішуць… у “Facebook”?


У сацыяльных сетках можна сустрэць акаўнты некаторых беларускіх палітвязняў. Напрыклад, часта абнаўляе свой “Фэйсбук” Мікола Статкевіч, былы кандыдат на прэзідэнцтва. Маюць акаўнты ў сетках таксама Павал Севярынец і Зміцер Дашкевіч.

Акаўнт Статкевіча вядзецца ад ягонага імя, гэтак, што здаецца, быццам туды піша сам палітык. Аднак ягоная жонка Марына Адамовіч распавяла журналістам, што гэта яна піша ў “Фэйсбук” мужа, калі атрымае ад яго нейкую вестачку. Такім чынам прыхільнікі Мікалая Статкевіча, ягоныя сябры могуць даведацца пра больш-менш апошнія навіны ад палітвязня.

Вось такі допіс пакінуў Мікалай Статкевіч у сваім “Фэйсбуку” 17 красавіка: “Завершыў артыкул… Буду дасылаць, пакуль не атрымаю пацверджання, што дайшоў да адрасата. Працоўная назва: “Мужыкі, казакі і шляхетная нацыя”. Ён не пра саслоўі, а пра нацыянальную ідэю. У расейцаў яна насамрэч – “мужыкі”, ва ўкраінцаў – “казакі”. А нам варта было б узгадаць даўнейшую – “шляхетная нацыя”. Чым кепска – вольныя людзі, якія паважаюць свае правы, законы і чужую ўласнасць. Тым болей, што ў кожнага тут знойдзецца, у сілу іх вялікай долі ў мінулым (да 12 %), шляхетны продак. Як вы яхту назавяце, гэтак яна і паплыве. Трэба назваць

У “Фэйсбуку” Мікалая Статкевіча можна даведацца і аб праблемах, з якімі сутыкаюцца вязні, напрыклад, аб нястачы туалетнай паперы: “Тут здарылася доўгачаканая падзея – нарэшце выдалі па рулончыку туалетнай паперы. Нават чутно было, як у іншых камерах людзі радасна крычалі. Як кажуць, чым здолеў, тым дапамог Ведаю, што адмысловае фінансаванне турме дзеля гэтага вылучыз ДВП (ДИН). Але ж ёсць і іншыя турмы з калоніямі. А я ж не магу адначасова сядзець ва ўсіх І як ім быць? )))”

На сёння ў Міколы Статкевіча каля 500 сяброў у “Фэйсбуку”. Наведнікі ягонай старонкі часта каментуюць выкладзеныя допісы ад Мікалая Статкевіча.

А вось Павал Севярынец здаўна вядзе сваю старонку у сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Тут у яго амаль 2,5 тысячы сяброў. Палітвязень, які адбывае пакаранне “на хіміі” ў Пружанскім раёне, мае доступ да тэлефону, праз які часам можа трапіць у інтэрнэт. Павал Севярынец выкладае ўрыўкі з сваіх апавяданняў “Беларуская глыбіня”. У адным з апошніх допісаў сустаршыня БХД Павал Севярынец прасіў сваіх прыхільнікаў памаліцца за здароўе дзіцяці сябры БХД.

Акаўнт у “Фэйсбуку” мае і палітвязень Зміцер Дашкевіч. Тут ад свайго імя выкладае навіны зняволенага ягоная жонка Наста Дашкевіч.

Вось адно з апошніх паведамленняў Насты, датаванае 7 сакавіка: “У які аддзел для камітэтчыкаў выслаць пару беларускіх слоўнікаў, каб яны хутчэй чыталі лісты Змітра?! Мо ім рэпетытара наймаць там, на курсы запісаць? Пасля з’яўлення ў СМІ артыкулаў, якія ён пісаў і дасылаў яшчэ задоўга да гарадзенскай турмы, лістоў ад яго няма ўжо 10 дзён! Ужо некалькі месяцаў лісты ідуць доўга, марудна, як ніколі раней! Пры гэтым затрымоўваюцца яны не ў гарадзенскай турме, а або на менскім, або на гарадзенскім паштамце”.

Вядома, што цікавасць дэмакратычнага грамадства падвышаная да любой інфармацыі ад палітвязняў, таму іх акаунты з’яўляюцца і спосабам выказвання салідарнасці. Бо ліст палітвязню можна напісаць і на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы, якую не могуць адцэнзураваць турэмныя наглядчыкі.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў