Як пераўтварыць райцэнтр ў кавалачак Паўночнай Карэі (Фота)


…Дастаткова, каб туды паехаў Аляксандр Лукашэнка. Чыноўнікі з хойніцкага аддзелу адукацыі працуюць у кароўніку, а журналістам прапаноўваюць наведваць «правільныя гаспадаркі» ў суправаджэнні ідэолага.

Цяпер мясцовыя чыноўнікі рыхтуюцца да прыезду Лукашэнкі, які традыцыйна напярэдадні гадавіны чарнобыльскай трагедыі наведвае рэгіёны Беларусі, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

У горадзе ў аўральным парадку наводзяць парадак: беляць бардзюры, фарбуюць агароджы, рамантуюць прыпынкі грамадскага транспарту, кладуць новае асфальтавае пакрыццё. Фасады будынкаў з непрэзентабельным відам 23 красавіка закрылі прыгожымі банерамі з відамі прыроды, а аб’екты, якія не паспелі прывесці ў парадак, зацягнулі зялёнаю маскіровачнаю сеткаю.

Паводле прадстаўнікоў райвыканкаму, якія бяруць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні, у сувязі з прыездам Лукашэнкі з 15 красавіка працоўны дзень для чыноўнікаў доўжыцца з 7:00 да 19:00. Таксама штодня праходзяць суботнікі.

Рыхтуюцца сустрэць кіраўніка дзяржавы і на новым малочна-таварным комплексе ў вёсцы Стралічава Хойніцкага раёну. 23 красавіка тут працавалі адмыслоўцы райвыканкаму, сярод іншага, аддзелу адукацыі. Яны зазначылі, што радыя магчымасці папрацаваць на ферме, бо калі яшчэ, паводле адмыслоўцаў, ім давядзецца «пабыць з каровамі». Тут клалі тратуарную плітку, бялілі ды фарбавалі гаспадарчыя пабудовы. З Хойнікаў да Стралічава дарожная служба кладзе новы асфальт, малюее разметку, рамантуе прыпынкі грамадскага транспарту.

Адмыслоўцы ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкаму былі здзіўленыя, як журналіст БелаПАНу трапіў у гаспадарку без суправаджэння працаўнікоў ідэалагічнага аддзелу райвыканкаму, а таксама прапаноўвалі «неадкладна» вярнуцца ў райцэнтр і наведаць аб’екты, якія «можна наведваць», і ў суправаджэнні ідэолага.

Алена Германовіч, БелаПАН
М.Л., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары