Навукоўцы пабудуюць дамы на Марсе. Шукаюць жыхароў-валантэраў (Фота)


Мэта галандскага праекту «Mars One» – засяліць людзьмі чырвоную планету. Добраахвотнікі мусяць усведамляць, што гэта будзе падарожжа ў адзін бок. Тэхналогіяў, якія б дазволілі вярнуцца на Зямлю, пакуль не існуе.

Сёння галандскія даследчыкі абвесцілі афіцыйны набор ахвочых паляцець на Марс. Паколькі пра гэта было вядома раней, паступіла ўжо 10 тыс. заявак са 100 краінаў.

Рэалізуе праект аднайменная фундацыя. Першая высадка на Марсе плануецца ў 2023 годзе, наступныя – кожныя 2 гады. Спачатку туды збіраюцца паслаць 4 астранаўтаў, якія маюць заснаваць першае пасяленне. У гэтым ім дапамогуць робаты, якія паляцяць туды раней. Усе этапы місіі плануюць трансляваць у інтэрнэце. Аўтары праекту падлічылі, што відэа будуць адначасова глядзець 4 млн чалавек.

Дзеля таго, каб вашую заяўку (на палёт у 2023 годзе) зарэгістравалі, трэба заплаціць $ 38. Паводле арганізатараў, гэта будзе ўнёсак у агульную суму – $ 6 млн, якая трэба для рэалізацыі місіі. Патрабаванняў да валантэраў усяго толькі 2: узрост – ад 18 да 40 гадоў і добры фізічны стан. Навукоўцы абяцаюць трэнаваць будучых «марсіянаў» цягам 7 гадоў. Палёт на Марс зойме 7 месяцаў.

Кожны экіпаж будзе складацца з 2 мужчынаў і 2 жанчын. Кіраўнік фундацыі Бас Лянсдорп адразу паведаміў, што тэсты на фертыльнасць праходзіць не трэба. Займець нашчадкаў ці не – будзе іх прыватным рашэннем. Не дзіўна, калі ў першыя гады ніхто на гэта не адважыцца праз вялікую рызыку для дзяцей, мяркуе ён, але калі на Марсе будуць жыць ужо 20-30 асобаў, магчыма, адважыцца працягнуць род будзе прасцей.

Кіраўнік фундацыі. Фота belsat.euКіраўнік фундацыі Бас Лянсдорп. Фота belsat.euЗвязвацца са сваякамі на Зямлі «марсіяне» змогуць дзякуючы праграме, падобнай да «Skype’у». Праўда, паведамленні будуць спазняцца на 6–20 хвілінаў. Арганізатары абяцаюць таксама інтэрнэт і тэлебачанне.

Ці этычна пасылаць людзей у палёт, калі вядома, што яны ніколі не вернуцца дадому? Такое пытанне журналісты задалі Басу Лянсдорпу. «Кожны важны крок у вашым жыцці мае долю рызыкі. Гэтак жа і з місіяй. Калі ты адпраўляеш людзей на Марс, немагчыма пазбегчы небяспечных момантаў. Аднак мы абярэм людзей, якія будуць усведамляць гэта. Яны мусяць адказаць на пытанне: ці хачу я так рызыкаваць, каб здзейсніць сваю мару?», – зазначыў кіраўнік фундацыі.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў