У Канадзе перадухілілі тэракт, замоўлены «Аль-Каідаю»


Тэракт меў адбыцца ў цягніку да Ніягарскага вадаспаду (Таронта–Нью-Ёрк). Арыштавалі дваіх мужчынаў, адзін з іх – аспірант.

Канадская Каралеўская конная паліцыя абвесціла ў панядзелак пра арышт 30-гадовага Шыгэбы Эсэгаера (Chiheb Esseghaier) ў Манрэалі ды 35-гадовага Раэда Джасэра (Raed Jaser) ў Таронта. Паводле сілавікоў, тэракт у цягніку быў замоўлены іранскаю «Аль-Каідаю», падазраваныя ж не маюць дачынення да выбухаў падчас марафону ў Бостане. Сёння яны паўстануць перад судом.

Ні адзін з затрыманых не мае канадскага грамадзянства, паліцыя пакуль не ўстанавіла іхнай нацыянальнасці.

Канадская выведка даўно выказвала асцярогу, што радыкальна настроеныя жыхары могуць атакаваць мірных жыхароў як у краіне, гэтак і за мяжою. Паліцыя не раскрывае падрабязнасцяў справы. Вядома толькі, што наводку, якая дапамагла ў расследаванні, якое цягнулася амаль год, даў сябра мусульманскай суполкі.

Адзін з затрыманых, Эсэгаер, паходзіў з Тунісу і з 2010 года вучыўся у аспірантуры Нацыянальнага інстытуту навуковых даследаванняў непадалёк Манрэалю. Ён быў далучаны да лабараторыі па нанатэхналогіях. На сваім профілі ва ўніверсітэцкай сетцы ён напісаў, што ў 2007 годзе скончыў універсітэт у Тунісе па спецыяльнасці “Біятэхналогія”, праз год там жа абараніў магістарскі дыплом. Паводле тунісца, які вучыўся з ім у аспірантуры, падчас размовы ў мячэці паўтары гады таму Эсэгаер наракаў на канадскую падаткавую сістэму і выкавзаў “д’ябальскія ідэі”. Ёсць звесткі, што другі затрыманы паходзіць з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Затрымаць падазраваных удалося дзякуючы супрацы з амерыканскімі спецслужбамі.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў