Беларусаў адвучылі думаць пра радыяцыю


Эколагі адзначаюць, што наперадзе беларусаў чакаюць праблемы, не менш сур’ёзныя за наступствы Чарнобылю.

Прадстаўніца экалагічнай арганізацыі «Экадом» і Беларускай антыядравай кампаніі Таццяна Новікава адзначае: сёння ў беларусаў – менталітэт жыхароў даіндустрыйнай краіны, якая імкнецца пабудаваць у сябе тыя шкодныя прадпрыемствы, што ў Еўропе зачыняюцца. А гэта азначае, што сур’ёзныя экалагічныя праблемы ў нас яшчэ наперадзе.

Наступствы Чарнобылю турбуюць 8 % беларусаў

У Беларусі ствараецца Нацыянальны экалагічны камітэт імя Івана Нікітчанкі. Яго чальцы будуць тлумачыць беларусам, што праблемы экалогіі датычаць кожнага асабіста. Эксперт НІСЭПІ Сяргей Нікалюк распавёў, што Чарнобыль і ўвогуле экалагічныя праблемы ляжаць па-за цікавасцю беларускага грамадства. Беларусы жывуць сёння турботамі сваёй сям’і, найбліжэйшага атачэння. Экалогія, як і палітыка, выходзяць за межы «блізкага кола».

Паводле эксперта, калі яшчэ ў 1999 г. 28,8 % беларусаў сярод актуальных праблемаў называлі наступствы Чарнобыльскай катастрофы, то ў 2009 г. гэтая тэма хвалявала ўсяго толькі 8 %. Экалагічны камітэт аб’яднае высілкі эколагаў і палітычных ды грамадскіх актывістаў у справе развязання экалагічных праблемаў краіны.

Эканамічная адсталасць Беларусі як плюс для здароўя нацыі

У якасці асновы для праграмы камітэту пастанавілі ўзяць канцэпцыю праграмы «Экалагічная Беларусь», распрацаваную грамадскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь».

«Нашая адсталасць у прамысловасці дае магчымасць адразу пры рэфармаванні вытворчасці ўносіць тое суперновае, што цяпер нараджаецца сярод навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў на Захадзе. Мы можам стаць першаю нацыяй, якая прыме на дзяржаўным, агульнанацыянальным узроўні канцэпцыю экалагічнага грамадства, быць узорам таго, як можна жыць у постіндустрыйных умовах, калі за аснову бярэцца вырашэнне экалагічных праблемаў. Экалагічнае адраджэнне можа і павінна стаць нацыянальнаю ідэяй беларусаў», – мяркуе каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктар Івашкевіч.

Камітэту перададуць эстафету «Чарнобыльскага шляху»

Стварыць экалагічны камітэт вырашылі падчас круглага стала «Праблемы экалогіі і беларускае грамадства», які праводзіўся 19 красавіка ў Менску аргкамітэтам «Чарнобыльскага шляху». Прапанаваў ідэю сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Пра ўзнікненне новай структуры яго стваральнікі паведамяць падчас «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка.

Віктар Івашкевіч мяркуе, што за наступны тыдзень аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» мусіць скончыць сваю працу «такім чынам, каб перадаць эстафету і сцяг экалагічнаму камітэту».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў