Хацелі сустрэцца з Лукашэнкам – затрымалі ды пагражалі «псіхбрыгадаю»


Калі кіраўнік краіны рыхтаваўся да двухгадзіннага паслання да беларускага народу і парламенту, прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах спрабавалі перадаць яму сваё пасланне.

Для гэтага з розных рэгіёнаў Беларусі прыехалі каля 20 асобаў. Тых, хто гадамі дабіваецца справядлівасці ў судзе, а атрымлівае ў адказ адныя адпіскі.

{movie}”Псіхбрыгада” замест звароту|right|10299{/movie}

Вядома ж, каля Дому ўраду, дзе прамаўляў Лукашэнка, дзяжурылі пільныя людзі ў цывільным. Апроч грамадзянаў, якія толькі хацелі звярнуцца са сваёй праблемаю да кіраўніка краіны, яны на ўсялякі выпадак затрымалі і журналістаў БелаПАНу і радыё «Свабода». Праз некалькі гадзінаў іх адпусцілі, не забыўшыся знішчыць відэаматэрыялы.

«Мы проста хацелі быць пачутымі, але калі мы падышлі да Дому ўраду і спрабавалі адрэкамендацца, на нас накінуліся, як каршуны, людзі ў цывільным без якіх-кольвек апазнавальных знакаў. З такою агрэсіяй, з такім нежаданнем штосьці слухаць, нібыта мы нейкія злачынцы. Нас штурхалі ў спіну да самай плошчы Мяснікова і ўвесь час паўтаралі: «Не азірайцеся, не азірайцеся». Нібыта ў тым выпадку можа адбыцца штосьці страшнае», – распавядае праваабаронца і юрыст Тамара Сяргей.

Паводле праваабаронцы, людзі ў цывільным пагражалі, што вызавуць «псіхбрыгаду» на пажылых людзей «і ўсіх пагрузяць». У выніку гэта ўжо 39-е гэткае пасланне, якое будзе накіраванае Лукашэнку поштаю.

Сваймі праблемамі падзяліліся і іншыя ўдзельнікі групы.

«Мы хацелі звярнуцца да прэзідэнта з адною, аднолькаваю для ўсіх нас праблемаю – праблемаю адпісак. Мы просім і патрабуем атрымання законных адказаў на законна пастаўленыя пытанні, як тое гарантуе 40-ы артыкул Канстытуцыі», – зазначыла Галіна Герасімава.



«Суд паводле маёй справы цягнецца ўжо год, але дагэтуль судовай пастановы не выканалі. Бо дзяржаўныя органы пастаўлены ў няроўнае становішча з простымі грамадзянамі»
, – распавяла Ларыса Качаткова.

«Мой дом знішчылі, прайшліся па ім бульдозерам. А кватэры дагэтуль «даюць» – вось ужо два гады не выконваюць судоваей пастановы», – паведаміў Васіль Хадзькоў, які атрымаў за мінулыя тры месяцы больш за паўсотні адпісак.



«Я – бомж. Ветэран працы, мне 70 гадоў. У мяне адабралі ўсё – жыллё, маёмасць, выжываю ў сацыяльных прытулках. Прашу прэзідэнта абараніць інтарэсы мае і маёй сям’і»,
– звяртаецца Вольга Юнкевіч.

«Мой дом пабудавалі, але я ў яго не магу трапіць, нягледзячы на тое, што столькі працаў ўкладзена. Ужо чатыры гады не магу дамагчыся, каб мне прыехаць на радзіму, за якую загінуў бацька, схадзіць на магілу да мамы і сястры», – гаворыць Лідзія Кандрашова.

У.Ш., паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў