Берасце: Будаўніцтва тратуару ўздоўж небяспечнай дарогі не плануецца


Гэткі адказ гарвыканкаму атрымалі берасцейскія актывісты кампаніі «Гавары праўду» на зварот, пад якім падпісаліся 1100 гаражанаў.

У сакавіку гарвыканкам прасілі парамантаваць дарогу паміж вуліцамі Ракасоўскага і Жукава ды пракласці там тратуар. Зварот напісалі ў межах кампаніі «Тысяча і адна яма». Гэткую назву актывісты абралі пасля таго, як налічылі на 500-метровым участку дарогі больш за тысячу ямінаў.

З атрыманага адказу гарвыканкаму стала вядома, што дарогу парамантуюць, але пракладванне тратуару адбудзецца прынамсі не сёлета.

Актывіст «Гавары праўду» Ігар Маслоўскі назваў такі адказ небяспечным. «Атрымліваецца, што бяспека грамадзянаў, асабліва дзяцей, якія ходзяць у суседнюю гімназію тою дарогаю, не ўваходзіць у планы чыноўнікаў. Людзі, дзеці мусяць выходзіць на праезную частку, бо па ўзбочыне ісці проста немагчыма: узімку там лёд і снег, увесну і ўвосень – бруд, улетку – пясок. Тое, што пад нашым зваротам падпісаліся больш за тысячу асобаў, кажа пра тое, што людзей гэтая праблема вельмі непакоіць. Але ў чыноўнікаў, відаць, свае планы, просьбы людзей у якія не ўваходзяць”.

Ігар Маслоўскі кажа, што кампанія «Гавары праўду» не спыняе на гэтым змагання за бяспечную дарогу. Найбліжэйшым часам, распавёў ён «Белсату», актывісты кампаніі мяркуюць выпрацаваць тактыку далейшых дзеянняў для вырашэння праблемы. «Гавары праўду» цяпер чакае яшчэ і адказы з ДАІ і мясцовага Савету дэпутатаў у пытанні бяспекі перасоўвання па праблемнай дарозе.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў