Як перанеслі працяглую зіму пчолы? (мультымедыя)


«Белсат» наведаў вясновую рэвізію адной з самай вялікіх пасек Гарадзеншчыны.



Пчаляр у трэцім пакаленні Андрэй Рыжкоў за 30 кіламетраў ад Горадні гадуе каля 140 пчаліных сем’яў. Яшчэ прыкладна столькі ж вулляў ён мае ў Лідскім і Воранаўскім раёнах.

«У красавіку пчолы ўжо збіраюць пылок, – дзеліцца сакрэтамі сваёй справы Андрэй Рыжкоў. – Але цяпер, самі бачыце, яшчэ не тое што кветкі, травінкі няма. Пчолы пакуль пасіўныя. Такая позняя вясна адаб’ецца на першым зборы мёду: яго будзе менш ці пазней чым звычайна».

Пчаляры рэкамендуюць абносіць пасекі жывой загараддзю. Шкодна размяшчаць вуллі каля кандытарскіх і цукровых заводаў: пчолы будуць ляцець на салодкае. Таксама шкодны ўплыў будуць мець сцёкі з фермаў. Не варта арганізоўваць пасеку каля электрасетак: ад яе поля пчолы не загінуць, але будуць дэзарыентаваны ў прасторы. Пры размяшчэнні пасекі істотна, наколькі далёка жылыя дамы. Блізкіх суседзяў пчолы могуць джаліць.

Майстэрства пчалярства Андрэй Рыжкоў пераймаў ад дзядулі ды бацькі. Цяпер яму дапамагаюць рабочыя. Падчас першага вясновага агляду пчаляры вызначаюць сілу пчалінай сям’і, колькасць расплоду і стан гнязда.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў