Пасланне Лукашэнкі да парламенту і народу: Мы не саспелі для "галубізны"! (+мультымедыя-скарот выступу)


Традыцыйнае штогадовае Пасланне Аляксандра Лукашэнкі да парламенту і беларускага народу ў параўнанні з папярэднімі сёлета было надзвычай мяккае: без вострай крытыкі Захаду і апазіцыі. Асноўным лейтматывам сталася мадэрнізацыя эканомікі Беларусі ў тым фармаце, як яе разумее кіраўнік дзяржавы.

Пра адносіны з суседзямі

Галоўным хаўруснікам застаецца Расея. Але, звяртаючыся да ЕЗ і ЗША, заявіў, што няма пытання пра тое, ці Беларусь з Расеяй, ці з Захадам. Паводле кіраўніка дзяржавы, беларусы і расейцы – гэта адзінае цэлае: «Патрабаваць ад нас павярнуцца адным месцам да Расеі – контрпрадуктыўна!».

На думку Лукашэнкі, беларусы – «самыя прыстойныя людзі ў цэнтры Еўропы», якія пільнуюць транзітны продаж газу і нафты ды затрымліваюць на мяжы вялікую колькасць радыеактыўных ды іншых небяспечных рэчываў: «Гэта ўжо падстава для дыялогу».

«Не трэба нас душыць – усе санкцыі контрпрадуктыўныя, – падкрэсліў Лукашэнка. – Не змушайце, дарагія, нас уводзіць аднаполыя шлюбы. Не будзе тут «галубізны», прынамсі, пакуль я прэзідэнт!».

{movie}Лукашэнка: Мы не саспелі для «галубізны»|right|10287{/movie}

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што апазіцыя ў Беларусі мае права на існаванне, але – канструктыўная, якая не будзе «ламаць, падрываць». А іначай – «атрымае па галаве».

Скарачэнні чыноўнікаў

Лукашэнка заклікаў пазбавіцца ад «выпадковых людзей» у дзяржаўным кіраванні, «чыноўнік мусіць быць народным».

Кіраўнік дзяржавы асцярожна пачаў казаць і пра скарачэнні ў сілавых структурах, называючы іх «мадэрнізацыяй».

Выступоўца ўзгадаў пра змены ў ахове мяжы ды змене кіраўніцтва памежных службаў. Паводле Лукашэнкі, ахова мяжы мае быць больш эфектыўнаю: «Не дай бог яшчэ нейкі шарлатан праедзе праз мяжу, як гарачы нож праз масла! І папярэджваю тых, хто захоча гэта зрабіць: будзем дзеяць рашуча! Я вас публічна папярэджваю – памежнікі будуць прымяняць зброю адразу, мяжа – гэта не дзірка!».

Пра жыллё

Паводле Лукашэнкі, дзяржаўная дапамога для тых, каму неабходнае жытло, захаваецца, але будзе больш адраснаю. Паводле ягонага загаду перагледзелі спісы тых, хто стаіць у чарзе. «Што вы думаеце? Знята – 85 тысяч грамадзянаў, якія не мелі права быць у гэтай чарзе!», – заявіў ён.

{movie}Лукашэнка зняў з чаргі на жытло 85 тысячаў чалавек|right|10286{/movie}

Кіраўнік дзяржавы гаворыць, што ўвядуць новыя правілы ў ільготным будаўніцтве: спачатку дом пабудуюць, а потым жытло будзе прадавацца грамадзянам паводле коштаў, якія будуць у гэты момант.

Заробкі і кошты

Лукашэнка мяркуе, што сёння няма падставаў для росту коштаў: «Унутраны рынак трэба рашуча зачысціць ад тых, хто гоніцца за звышпрыбыткамі, карыстаючыся і не карыстаючыся сваім становішчам». Паводле яго, рост коштаў не мусіць перавышаць 10 %.

Пра гэтым кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў ЖКГ

Адукацыя

Кіраўнік дзяржавы раптоўна заступіўся за настаўнікаў ды напаў на «групы метадыстаў», якіх назваў «прыліпаламі, што патрабуюць ад настаўнікаў папераў».

Эканоміка

Першая частка прамовы Аляксандра Лукашэнкі датычыць эканомікі і мадэрнізацыі. Ён даў шэраг даручэнняў:

• БРСМ і Адміністрацыя прэзідэнта маюць прыдумаць сістэму выяўлення таленавітых маладых людзей і прасоўвання іх у прафесійнай сферы.

• Аператыўна-аналітычны цэнтр, урад і Адміністрацыя прэзідэнта – стварыць структуру, якая будзе займацца працэсам каардынацыі ды інфарматызацыі Беларусі. Прагучала нават акрэсленне «электронны ўрад».



Гаворачы пра сельскую гаспадарку, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не збіраецца змяняць стратэгію развіцця гэтай галіны. «Мы навучыліся збіраць някепскія ураджаі, – зазначыў выступоўца. – Але дагэтуль не можам пазбавіцца стратнасці шэрагу гаспадарак». Траціна гаспадарак прыносіць страты. Кіраўнік краіны мяркуе, што трэба ствараць буйныя агракамбінаты з прадпрыемствамі, што вырабляюць прадукцыю і перапрацоўваюць.

Лукашэнка бароніць «мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай прамысловасці», што вылілася ў практычную забарону звальняцца тым, хто працуе на такіх заводах.

«Тое, што аракулы з «пятай калонны» нам сурочылі, быццам у дрэваапрацоўчай прамысловасці хваляванні – гэтага не адбылося! Калі б не яны, гэтых зменаў нават ніхто б не заўважыў», – заявіў Лукашэнка.

«Нашыя апаненты заяўляюць, што, маўляў, мадэрнізацыя – новы перадвыбарчы лозунг», –абурыўся Лукашэнка. Паводле яго, насамрэч у кулуарах за мяжою некаторыя палітыкі «шэптам гавораць» пра тое, што беларусы – малайцы і ідуць слушным шляхам. Паводле кіраўніка краіны, мадэрнізацыя цяпер – у апошняй стадыі: «Ужо 2 пяцігодкі мадэрнізацыя ідзе!».

Паводле Лукашэнкі, эканоміка Беларусі добра выглядае на фоне глабальнай сітуацыі: гэтак, тэмп росту ВУП – 103,5 %.

Аднак на складах – гатовай прадукцыі на 30 трлн рублёў, што ў 2 разы больш, чымся год таму. «У чым справа? Я свайго патрабавання да ўраду быць адным вялікімі міністэрствам гандлю не адмяняў! – заявіў Лукашэнка. – Няма ніякай падставы расслабляцца!».

Галава ўраду распачаў свой выступ з таго, што пахваліўся сярэднім заробкам 500 долараў, тым, што збольшага Беларусь перамагла крызіс, а вось краіны Захаду – наадварот: не маюць рашучасці для здзяйснення рэформаў ды «друкуюць пустыя еўры і долары».

Напрыканцы свайго выступа Аляксандр Лукашэнка сказаў цёплыя словы на адрас дэпутатаў парламенту. “Вы усе – мае дзеці, пальцы адной рукі”, – сказаў ён

{movie}Лукашэнка хваліць “прыгожы парламент”|right|10289{/movie}

Пытанні дэпутатаў

Дэпутатка Дабрыніна з Воршы запрапанавала запрасіць вялікі капітал у Беларусь і беларускія банкі.

«Я ўжо паставіў такую задачу. Цяпер мы маем два банкі, і я хачу зрабіць іх асаблівымі, каб туды менш кантралёры ўсялякія хадзілі. Каб у гэтых банках не толькі з-за мяжы, але і нашыя людзі захоўвалі грошы. Я часта бываю ў камандзіраваннях, і казаў там не раз: цяпер вы бачыце, дзе трэба было захоўваць грошы? Мы б чужыя грошы не ўзялі, у адрозненні ад дэмакратычнай Еўропы і, у прыватнасці, Кіпру. Цяпер мы пабачылі дэмакратыю ў разгорнутым выглядзе. Залезлі ў чужую кішэню і забралі грошы – якая гэтая дэмакратыя? Я не бараню іх, але думаю, што нават гэта добра. Калі хтосьці хутка стаў заможным, можа не зусім справядліва, і вось трошку падзяліўся. Але не з тымі», – адказаў Аляксандр Лукашэнка. «Добра, што вы да гэтага дайшлі, я думаў, толькі ў мяне ў галаве такая думка», – пахваліў дэпутатку кіраўнік дзяржавы.

{movie}Беларусь стане прыстанішчам для капітала?|right|10288{/movie}

Дэпутат Кастагораў спытаў аб праекце газаправоду «Ямал-2».

«Мы «за» ўсімі рукамі і нагамі. Гэта новыя працоўныя месцы, а ў нас ёсць усё неабходнае. А што датычыць Польшчы – там трэба захапіць кавалак польскай зямлі, і ідуць спрэчкі. А мы будзем актыўнымі прыхільнікамі газаправоду і будзем яго эксплуатаваць. Расея нам давярае, нам верыць. Мы забяспечым усё неабходнае для будаўніцтва і нават самыя будзем будаваць яго».

Дэпутат Іванчук са Стоўбцаў запытаў пра лёс сельскіх саветаў, якія могуць замяніць сельскімі адміністрацыямі.

«У вёсках людзі, калі іх называюць дэпутатамі, ганарацца гэтым. І я быў такім дэпутатам. Мы не можам згубіць гэтых актывістаў, мы на іх абапіраемся, калі праводзім дзяржаўную палітыку на месцах. Я думаў пра гэта, што з гэтым нам спяшацца не трэба. Але цяпер ідзе апрацоўка пытання і мы пастановім разам з вамі. Трэба аптымізавацца, але не на шкоду сабе», – зазначыў Лукашэнка.

М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў