ВУП расце, растуць і складскія запасы


Улады прагназуюць ўздым валавога ўнутранага прадукту ў гэтым годзе на 8,5 %. Ужо за першы квартал 2013 года агучаная лічба 3,5 % росту гэтага паказчыка. Аднак, як кажуць эканамісты, не рост ВУП цяпер найбольш важная праблема, а тое, што прадпрыемствы працуюць на склад.

Гэтак, эканаміст Леанід Заіка паведамляе, што складскія запасы сягаюць рэкордных паказчыкаў: “Прадукцыя вырабленая і адгружаная на склады памерам прыблізна 75 % месячнага аб’ёму. Сітуацыя тлумачыцца тым, што вырабленая прадукцыя не адпавядае попыту. То бок ёсць супярэчнасць паміж прапановаю і попытам”.

Паводле адмыслоўца, цяпер Расея ўжо меней мае патрэбы ў беларускіх таварах. А канкурэнцыя расце, таму збываць складаней, а “праблема запоўненасці складоў больш сур’ёзная, чымся проста ацэнка росту ВУП. У Беларусі падае канкурэнтаздольнасць, што бачна паводле вынікаў 2012 года. Летась завезлі з Расеі свініны ў два разы болей, чымся год таму. Вырасла доля на беларускім рынку замежных сокаў, лядоўняў і тэлевізараў. У гэтым сегменце рынку мы маем значныя страты”.

Таму, на думку адмыслоўца, на фоне заяваў уладаў аб росце ВУП, развіццё эканомікі адбываецца ўсё ж не ў найлепшы бок: “2013 год цяпер выклікае шмат пытанняў і сітуацыя пачынае развівацца ў дрэнным для Беларусі кірунку. Таму я не рэкамендую звяртаць увагі на паказчык ВУП, бо ёсць больш сур’ёзныя праблемы – куды падзець прадукцыю беларускага “Гарызонту” або чаму рэзка скараціўся продаж нашага ўласнага трыкатажу.”

Паралельна з ростам складскіх запасаў падае прыбытак прадпрыемстваў. Як паведаміла агенцтва БелаПАН, цягам студзеня–лютага 2013 года прыбытак прадпрыемстваў скараціўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 34,3 %. Пры гэтым адзначаюць падзенне экспарту ў самых розных галінах. Гэтак, экспарт грузавых аўтамабіляў скараціўся – на 56,1 %, трактароў на 8,3 %, будаўнічай тэхнікі – на 9,1 %.

Але нягледзячы на значнае падзенне попыту, вытворчасць у першым квартале 2013 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам скарацілася толькі на 1,1 %.

Спадар Заіка зазначае, што перспектывы эканамічнага развіцця застаюцца цьмянымі: “Мы сутыкаемся з тою сітуацыяй, як сказаў адзін палітык, што лепей 1000 рабочых будуць па 200 долараў атрымліваць, чым 200 рабочых па 1000 долараў. Вось мы трымалі 1000 рабочых за 200 долараў, цяпер жа гэтых працаўнікоў трэба звальняць. Гэта праблема якаснага развіцця эканомікі”.

Паводле экспертаў, у цяперашніх эканамічных умовах Беларусі варта скарачаць вытворчасць і занятасць, аднак пры гэтым эканамісты сумняюцца, што ўлады дзяржавы пойдуць на такія крокі.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў