Стары нямецкі жаўнер: Не чуў пра Беларусь, але вайну перажыў з блаславенствам з-пад Ліды


Вільгэльм Клемэнс з Нямеччыны, якому сёлета споўніцца 93 гады, здзівіўся, калі даведаўся, што Ліда месціцца ў Беларусі. З гэтым горадам былы жаўнер звязвае сваё ацаленне ў ІІ сусветнай вайне.

“Гэта была страшная вайна, якая, здавалася, ніколі не скончыцца, – распавёў былы салдат, якога сілаю забралі ў войска гітлераўскай Нямеччыны. – Мне было ўсяго 18 гадоў, калі я ўпершыню мусіў апрануць мундур, а перад гэтым я 3 гады быў вучнем пекара і хадзіў у белай ад мукі вопратцы”.

Бацька і дзед спадара Клемэнса – з Вэльгесгайму, што на паўднёвым захадзе Нямеччыны, усё жыццё займаліся выпяканнем хлеба і булак. Да гэтай жа прафесіі рыхтаваўся і ён, але сапраўдным пекарам яму давялося стаць толькі пасля ІІ сусветнай вайны, бо ў 1938 годзе ён быў мабілізаваны.

Нашая сям’я была каталіцкаю, і мы не падтрымлівалі Гітлера, бо ён быў вялікім ліхадзеем, але ў войска давялося ісці”, – згадвае спадар Вільгэльм.

Чалец нямецкай сям’і – з Украіны

Калі малады жаўнер быў на фронце, ягонай сям’і ў якасці дапамогі нямецкія ўлады прызначылі вывезенага з радзімы на прымусовыя работы ўкраінца: “Яго звалі Валодзя, і мае бацькі ставіліся да яго, як да чальца сваёй сям’і. Ён працаваў разам з сямейнікамі і разам з імі харчаваўся”. Паводле 93-гадовага немца, пасля распаду Савецкага Саюзу Валодзя прыязджаў з Украіны ў Нямеччыну, каб зноў спаткацца з сям’ёю Клемэнсаў. З ім прыязджалі таксама прадстаўнікі ўкраінскага тэлебачання, якія нават знялі фільм пра жыццёвую гісторыю ўкраінца.

Запытаны, ці не ваяваў спадар Вільгэльм часам у Беларусі, стары крыху прызадумаўся, але адмоўна паматляў галавою: “Не, не быў і ніколі не чуў пра яе”. Нічога не ведаў спадар Вільгэльм таксама і пра Менск, Горадню ці Віцебск.

“Я быў у танкавай брыгадзе і большую частку вайны правёў ва Украіне”, – тлумачыць былы жаўнер. Ён згадаў аднак, што ў самым пачатку вайны пабываў у Польшчы – у Лідзе: “Гэты горад цяпер у Беларусі? – не мог паверыць былы пекар. – Калі я там бываў, мяне пераконвалі, што гэта Польшча, ды і людзі там размаўлялі па-польску”.

Спатканне пад Лідаю, якое запомнілася на ўсё жыццё

На ўсё жыццё нарадзінец Заходняй Нямеччыны запомніў выпадак, які адбыўся з ім непадалёк Ліды: “Я быў вельмі галодны і сасмяглы. Каля дарогі сваю худую казу пасвіла жанчына. Я падышоў да яе і знакамі запытаў, ці можа яна даць мне папіць казінага малака”. Кабета, паводле былога пекара, хутка падаіла казу і ахвотна пачаставала нямецкага жаўнера малаком. Падзякаваўшы, спадар Вільгэльм хацеў пайсці далей сваёю дарогаю, але жанчына нечакана затрымала яго, дастала з кішэні невялічкі ружанец, на якім моляцца каталікі, блаславіла ім маладзёна, а затым падаравала. “Я не зразумеў словаў, але мне здалося, што кабета сказала: “Няхай Бог цябе ратуе”, – падкрэсліў былы пекар. – Я мяркую, што менавіта гэта добраславенства дапамагло мне застацца жывым аж да самага канца вайны”.

Падараваны пад Лідаю ружанец спадар Вільгэльм мае заўсёды пры сабе вось ужо цягам 73 гадоў: “Толькі дзякуючы малітве на гэтым ружанцы я ацалеў у бітве пад Сталінградам. Там было жудасна, страшна і нясцерпна холадна. Мае саслужыўцы мерзлі настолькі, што апраналі па 3–4 камплекты падштаннікаў. Жывыя сцягвалі сподняе нават з мёртвых”, – распавёў удзельнік ІІ сусветнай вайны.

Пасля вайны спадар Вільгэльм прымаў актыўны ўдзел у жыцці каталіцкай супольнасці ў сваёй роднай мясцовасці, а вялікую радасць яму прынесла тое, што адзін з яго ўнукаў абраў шлях каталіцкага святара.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў