Выяздны суд над Навальным


У Расеі распачалі ды адразу адклалі на тыдзень слуханні ў справе Аляксея Навальнага – расейскага апазіцыянера, адваката і папулярнага блогера. Палітычнага апанента Уладзіміра Пуціна вінавацяць у крадзяжы 16 мільёнаў рублёў у дзяржаўнага прадпрыемства «Кировлес». Следчы камітэт жа пастанавіў справу супраць апазіцыянера паскорыць, бо той “дражніў уладаў”.



Суд над Аляксеем Навальным сёння мог адбывацца ў Басманным судзе Масквы. Пра гэта хадайнічаў і сам апазіцыянер, і ягоны суадказчык у справе Пётр Афіцэраў. Аднак у выніку падсудныя ды проста зацікаўленыя ў выніку працэсу вымушаныя былі паехаць у Кіраў – за 800 км ад Масквы.

{movie}Суд над Навальным|right|10251{/movie}

Кіраў быў да такога не падрыхтаваны. Некаторыя нават начавалі ў мясцовай кавярні ў чаканні суду. Толькі журналістаў прыехала каля трох соцень чалавек. Прыхільнікі Навальнага разгарнулі выставу “Пуцін – злачынца”. Гэты ж лозунг скандавалі пад будынкам суду. Непасрэдна працэс доўжыўся 45 хв. За гэты час суддзя часткова разгледзеў паданне абвінавачаных і перанёс суд на тыдзень.

Сутнасць абвінавачання: на пасадзе дарадцы губернатара Кіраўскай вобласці Навальны нібыта зарганізаваў крадзеж больш як 100 тыс. кубамераў лесу. Яму пагражае да 10 гадоў турмы. У магчымасць апраўдальнага прысуду апазіцыянер не верыць. Дый суддзя, прызначаны на справу, ніводнага апраўдальнага прысуду за кар’еру не выносіў.

У горадзе з’явіўся штаб “За Навальнага”, што дзее як інфармацыйны цэнтр. Напярэдадні працэсу ў Кіраве затрымалі 2 актывістаў, якія раздавалі ўлёткі на знак падтрымання палітыка.

На мінулым тыдні блогер заявіў пра намер балатавацца ў прэзідэнты. Інтэрнэт-супольнасць успрыняла навіну з захапленнем, шмат хто гатовы галасаваць за яго хоць сёння. А шум вакол сённяшняга працэсу дакладна дадасць Аляксею Навальнаму вядомасці і па-за інтэрнэтам.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Стужка навінаў