У Клімавіцкім раёне скралі воданапорную вежу вагою 2 тоны


Двое раней судзімых жыхароў Клімавіцкага раёну падазраюцца ў крадзяжы воданапорнай вежы ў вёсцы Савінічы, кошт якой Br 2, 73 млн.

Паводле прадстаўніцы Следчага камітэту ў Магілёўскай вобласці Аксаны Салянюк, падазраваныя 1984 і 1992 гадоў нараджэння 15 красавіка электразваркаю разрэзалі воданапорную вежу, якая належала сельгаспрадпрыемству «Ціманава».

«Воданапорная вежа ўжо некалькі гадоў не функцыянавала і месцілася на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў зоне адсялення. Вага вежы складала каля 2 тонаў, а яе кошт – больш за Br 2,7 мілн», – паведаміла Салянюк.

Няўдалых злодзеяў затрымалі міліцыянты, ахоўнікі тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. Скрадзенае ў іх сканфіскавалі.

Паводле падазраваных, яны планавалі прадаць разрэзаную вежу скупнікам металу. Супраць іх распачалі крымінальную справу за крадзеж, здзейснены групаю асобаў.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў